Жыццём і працай заслужыў павагу

Личности

У той чэрвеньскі дзень у дом варапаеўцаў Віктара Мацвеевіча і Ірыны Баляславаўны Красоўскіх завітала цэлая дэлегацыя. Прычына была важкая — 90-гадовы юбілей гаспадара.

Прыехалі старшыні раённага савета ветэранаў Ганна Францаўна Літвіновіч і пярвічнай ветэранскай арганізацыі Варапаеўскай дыстанцыі пуці Валянціна Аляксандраўна Трафімава, старшыня прафкама Вера Яўгеньеўна Ушкур, былы намеснік начальніка дыстанцыі Мікалай Канстанцінавіч Буйко, старшыня сельскага Савета Іна Генадзьеўна Касарэўская. Скарысталася і я магчымасцю пазнаёміцца з яшчэ адным доўгажыхаром Пастаўшчыны. Уражанні ад той сустрэчы засталіся найлепшыя. Віктар Мацвеевіч годна прымаў віншаванні, у тым ліку і Падзяку старшыні райвыканкама, якую ўручыла Г. Ф. Літвіновіч. Вочы юбіляра свяціліся радасцю, з вуснаў зляталі трапныя жарты. Не толькі самому, але і ўсім прысутным зусім не верылася, што ён прайшоў шлях у дзевяць дзесяцігоддзяў.

Гасцінныя гаспадары не адпусцілі нас без таго, каб не ўзняць фужэр шампанскага за здароўе імянінніка. Прадстаўнікі дыстанцыі ўзгадалі, як упрыгожвала пара Красоўскіх калектыў, што Ірына Баляславаўна была добрай пявунняй. Зрэшты, чаму была? Яна і цяпер у голасе. Не ўтрымалася — праспявала для мужа яго любімую «Одинокую ветку сирени», чым яшчэ больш расчу­ліла свайго спадарожніка жыцця.

Уражвае лічба іх сямейнага саюзу — 63 гады. Пазнаёміліся на танцах у клубе ў Варапаеве, а праз два гады пажаніліся. Як і ўсе з таго пакалення, былі небагатыя, усё нажывалі з мазаля. З гадамі самі пабудавалі дом, у якім жывуць і зараз. Акуратны, дагледжаны, побач — дыхтоўныя гаспадарчыя пабудовы, у двары — кветнікі, за домам буяе агародніна. Адразу бачна, што жывуць тут працаўнікі. Годна выхавалі сына і дачку. Павел закончыў Гомельскі інстытут чыгуначнага транспарту, зараз — інжынер дыстанцыі пуці. Лена таксама выбрала прафесію, звязаную з чыгункай, — разам з мужам працуюць на чыгуначнай станцыі Вайдоты, што ў прыгарадзе Вільнюса. Красоўскія маюць поўнае права ганарыцца і ўнукамі. Сяргей пасля заканчэння ўніверсітэта ў Мінску і магістратуры ў Канадзе працуе ў сур’ёзнай кампаніі ў ЗША, ездзіць у камандзіроўкі ў розныя краіны. Бываючы ў Еўропе, стараецца заглянуць да родных у Варапаева. Напярэдадні дзядулевага юбілею зрабіў для яго своеасаблівы падарунак — ажаніўся. Ірына — урач, займаецца рэабілітацыяй цяжкахворых дзяцей. Радуюць поспехамі двое праўнукаў. Усе прыяз­джалі павіншаваць свайго тату, дзядулю і прадзядулю з 90-годдзем. Галоўнае пажаданне — здароўя.

Сем гадоў назад Віктар Мацвеевіч перанёс складаную аперацыю, але гэта не выбіла яго з каляіны — любіць жыццё і даражыць ім.

«Віктар заўсёды быў энергічны, адказны, ініцыятыўны, — гаварыла Баляславаўна. — 44 гады адпрацаваў на чыгунцы. Пачынаў падлеткам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Быў слесарам, кавалём, потым закончыў курсы і стаў вадзіцелем аўтаматрысы. І ў сям’і ён надзейны. Ніколі не сумнявалася ў яго прыстойнасці і сама не дазваляла сабе ніякіх вольнасцей, хаця абое былі маладыя, прыгожыя, Віктар часта ездзіў у камандзіроўкі».

Актыўнае працоўнае жыццё даўно ў мінулым, але ў калектыве дыстанцыі не забываюць свайго ветэрана. Вось і віншаванні з юбі­леем  расчулілі Віктара Мацвеевіча. «Вялікае дзякуй за ўвагу, — гаварыў ён. — Жадаю ўсім здароўя і каб дажылі да такіх гадоў, як я».

Ну што ж, прыклад, варты пераймання.

 Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.