24 гадзіны ў суткі і сем дзён у тыдзень

Важное Общество

Дырэктар Мікалай Жданковіч (у цэнтры) са слесарамі Уладзімірам Гінько і Аляксеем Казелька на газаразмеркавальнай станцыі

Ажыццяўляецца дыстанцыйны кантроль за работай сістэмы газазабяспячэння раёна

У начальніка Пастаўскага раёна газазабеспячэння Мікалая Жданковіча толькі закончылася рані­шняя планёрка. Спецыялісты, абмеркаваўшы надзённыя пытанні, разышліся па сваіх рабочых месцах, а мы з Мікалаем Дзмітрыевічам адправіліся на аб’екты, каб сфатаграфаваць за работай найлепшых.

У доме нумар 9 мікрараёна шостага гарадка ішла замена газапровадаў-уводаў. Вадзіцель-слесар Ігар Скараход закручваў кран, элекрагазазваршчык Эдмунд Гуменнік з дапамогай газазварачнага апарата «сшываў» стыкі.

Эдмунд Гуменнік і Ігар Скараход

 

— Прафесіяналы! — характарызуе іх Мікалай Жданковіч. — Што б ні даручалі, выканаюць не толькі хутка, але і якасна. Падрыхтоўчымі работамі займаюцца два Іваны — вадзіцель Якімовіч і экскаватаршчык Цярлюк, слесар Сяргей Хаменка. І не дзівіцеся, што экскаватаршчык упраўляецца з лапатай ці ломам. Пакуль няма неабходнасці ў яго машыне, Іван дапамагае на іншых участках. Уладкаваўся да нас нядаўна, але бачу, што не прагадаў, прыняўшы ў калектыў. У нас няма, напрыклад, вадзіцеляў, якія толькі руль у руках трымаюць. Прывёз людзей на аб’ект і сам актыўна ўключаецца ў работу. Выдаецца вольны час — могуць абкасіць тэрыторыю, памаляваць агароджу.

Галоўнае ў рабоце прадпрыемства — надзейнае і бесперапыннае забеспячэнне спажыўцоў блакітным палівам. І з гэтай задачай калектыў паспяхова спраўляецца. Спрыяе выкананню пастаўленых задач высокая працоўная і вытворчая дысцыпліна, прафесіяналізм кадраў.

Спектр дзейнасці прадпрыемства даволі шырокі: абслугоўванне падземных ліній газа­правода і тэхналагічнага абсталявання, газіфікацыя жылых дамоў і кватэр, замена балонаў, рамонтна-тэхнічныя работы. У раёне працягваецца газіфікацыя сельскіх населеных пунктаў: амаль 120 чалавек скааперыраваліся ў Лынтупах. Ужо гатова праектная дакументацыя, неўзабаве будзе выбраны падрадчык, і ў пасёлку распачнуцца работы.

Іван Якімовіч, Сяргей Хаменка і Іван Цярлюк

Цяпер у раёне налічваецца 8299 карыстальнікаў прыроднага газу, абанентаў звадкаванага — 7746 тысяч. Аб’ёмы работ штогод растуць, а штат не павялічваецца. Выхад знаходзяць за кошт павышэння прадукцыйнасці працы. Усе планавыя паказчыкі паспяхова выконваюцца.

Дапамагае ў гэтым лічбавізацыя, — працягваў уводзіць у курс вытворчых спраў начальнік. — У «Віцебскаблгаз» створана вытворчае ўпраўленне «АйТиГаз», якое распрацавала праграмны комплекс «МИРИАДА». З яго дапамогай дыстанцыйны кантроль за работай сістэмы газазабеспячэння ажыццяўляецца 24 гадзіны ў суткі і сем дзён у тыдзень і дазваляе своечасова выконваць прафілактычныя работы. Усе даныя занесены ў камп’ютар. Нашы спецыялісты, выязджаючы на аварыйны выклік або на планавае абслугоў­ванне газаабсталявання, маюць пры сабе ўсё неабходнае: планшэт, вiдэарэгiстратар. GPS-навiгатарамi абсталяваны аўтамашыны. У любы час можна прасачыць маршрут, хуткасць руху. Рэгiстратарамi фіксуецца выкананне нашымі спецыялістамі работ у кватэры, доме. Гэта дапамагае сістэматызаваць кантроль за якасцю паслуг, аптымізаваць тэрміны іх выканання.

Праграма тэхнічнага пераўзбраення і павышэння якасці тэхнічнага абслугоўвання сістэм газазабеспячэння раёна штогод удасканальваецца. І на кожным этапе работы, ад мантажу бытавых прыбораў да здачы «пад ключ» складаных сістэм газазабеспячэння, работнікі райгаза імкнуцца забяспечыць самую высокую якасць і бяспеку.

Анна АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.