Абноўлены і школы, і праграмы

Важное Образование

У суботу ў школах Віцебшчыны празвініць першы званок. Больш за 111 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак у вобласці сядуць за парты, сярод іх — каля 11 тысяч першакласнікаў. Урачыстыя лінейкі з нагоды Дня ведаў пройдуць 1 верасня і на Пастаўшчыне. Што чакае дзяцей, іх бацькоў і педагогаў у новым навучальным годзе? Пра гэта ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама А. Я. КАШЫРЫНЫМ.

— Аляксандр Яўгеньевіч, колькі дзяцей у нашым раёне прыйдуць на лінейкі ў школы, а таксама ў дзіцячыя сады?
— Па інфармацыі, якую мы атрымалі ад дырэктараў устаноў адукацыі, у школах чакаем прыкладна 3500 навучэнцаў, у тым ліку 320 першакласнікаў. Увогуле, на працягу апошніх трох гадоў колькасць школьнікаў на Пастаўшчыне застаецца амаль нязменнай, як і выхаванцаў дзіцячых садоў. Іх сёлета павінна быць 1230. У горадзе будуць працаваць 5 садоў, а ўсяго ў раёне — 13. Акрамя таго, дзетсадаўскія групы прадоўжаць работу ў дзвюх сярэдніх школах — Лынтупскай і Дунілавіцкай — і трох базавых — Андронаўскай, Навадруцкай і Юнькаўскай.

— А ці скарацілася ў параў­нанні з мінулым годам колькасць навучальных устаноў?
— На жаль, пазбегнуць аптымізацыі не атрымалася. Калі летась у раёне налічвалася 19 агульнаадукацыйных школ, то зараз — 16. Ліквідаваны Ярэўская і Старадворская базавыя і Хацілаўская пачатковая школы. Дзеці з Ярэва цяпер будуць вучыцца ў пастаўскай СШ №2, са Старога Двара — у Навасёлкаўскай СШ, з Хаціл — у трэцяй гарадской школе. Для падвозу ярэўскіх і старадворскіх школьнікаў набыты два новыя аўтобусы, а ўсяго іх маем 11. Што датычыць хацілаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак, яны  будуць дастаўляцца на вучобу транспартам АТП-17.

— У сувязі з аптымізацыяй навучальных устаноў, напэўна, зменшылася армія педагогаў?
— Зусім нязначна. Усім педагогам працаздольнага ўзросту прапанаваны новыя месцы работы, ніхто з іх не застаўся без увагі. Пераважная большасць настаўнікаў са Старадворскай БШ будзе весці заняткі ў Навасёлкаўскай школе. Складаней было знайсці работу педагогам з Ярэва і Хаціл, але і яны атрымалі магчымасць працаўладкавацца па сваіх спецыяльнасцях. Увогуле, колькасць педагогаў у раёне стабільная і складае прыкладна 700 чалавек. У гэту лічбу ўваходзяць настаўнікі, выхавальнікі, кіраўнікі гурткоў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі, якія працуюць у розных установах адукацыі. Сёлета мы прынялі на работу толькі двух маладых спецыялістаў — выкладчыкаў англійскай мовы, якія ў свой час атрымалі мэтавае накіраванне на вучобу ў ВНУ. Яны размеркаваны ў школы горада. У нас стабільны педагагічны склад — сплаў вопыту, майстэрства, маладосці.  І на працягу многіх гадоў мы забяспечаны педагагічнымі кадрамі практычна на сто працэнтаў.

— Немалаважнае пытанне напярэдадні 1 верасня — падрыхтоўка школ і іншых устаноў адукацыі да новага навучальнага года. Наколькі яны гатовыя прыняць дзяцей?
— Калі для большасці педработнікаў лета — гэта час водпускаў, то для кіраўнікоў школ, дзіцячых садоў і цэнтраў, работнікаў гаспадарчых службаў, аддзела па адукацыі — адзін з самых напружаных перыядаў. На працягу трох летніх месяцаў мы вялі мэтанакіраваную падрыхтоўку да пачатку новага навучальнага года і значна ўмацавалі сваю матэрыяльную базу. Як ужо гаварыў вышэй, для падвозу навучэнцаў за сродкі раённага бюджэту набыты два новыя школьныя аўтобусы. Праведзены немалыя аб’ёмы рамонтных работ як уласнымі сіламі, так і за кошт бюджэту. Самы вялікі — у дзіцячым садку №5, які даўно патрабаваў істотнага ўкладання фінансавых сродкаў. Для аргані­зацыі работ у ім галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласныя выканаўчы камітэт і Савет дэпутатаў выдзелілі нашаму аддзелу 250 тысяч рублёў. На сённяшні дзень у садку ўжо завершаны рамонт даху, працягваецца замена аконных блокаў і рамонт фасаду. Спадзяюся, што ў сярэдзіне кастрычніка ён парадуе пастаўчан сваім абноўленым выглядам. Акрамя таго, касметычныя рамонты праведзены ва ўсіх установах адукацыі, уключаючы цэнтры дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны і карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

У сувязі з тым, што з 1 верасня мы будзем самастойна арганізоўваць харчаванне дзяцей у сваіх установах (раней гэтым займалася райспажыўтаварыства), раённым выканаўчым камітэтам выдзелена каля 90 тысяч рублёў на набыццё хала­дзільнага абсталявання, шафаў для смажання і кухоннага посуду для школ горада і Варапаеўскай СШ. Закуплены сучасны камп’ютарны клас у СШ №2, часткова абноўлена мэбля ў гэтай школе і гімназіі. Усяго на правя­дзенне бягучых рамонтаў і закупку неабходнага абсталявання асвоена амаль 704 тысячы рублёў.

Разам з тым паклапаціліся і пра бяспеку дзяцей. На працягу мінулага навучальнага года і летам ва ўсіх гарадскіх школах, у тым ліку ў гімназіі, і трох сельскіх — Варапаеўскай, Лынтупскай і Дунілавіцкай — устаноўлены сістэмы відэаназірання. Акрамя таго, па рэкамендацыі Дэпартамента аховы ў школах і дзіцячых садах горада ўстаноўлены трывожныя кнопкі. Усё гэта таксама патрабавала пэўных грашовых сродкаў. Калі ж гаварыць пра гатоўнасць устаноў адукацыі да 1 верасня, то яшчэ два тыдні назад яны прыняты камісіяй з удзелам прадстаўнікоў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

— Ведаю, што сёлета чакаецца шмат змен у арга­нізацыі вучэбнага працэсу. Раскажыце, калі лас­ка, пра іх.
— Як вядома, распараджэннем урада з гэтага года адменены ўступныя экзамены ў 5 клас гімназій, каб стварыць роўныя ўмовы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ва ўсіх відах і тыпах устаноў. Разам з педкалектывам Пастаўскай гімназіі мы набралі 40 дзяцей у два 5 класы. Трэба адзначыць, што наша гімназія карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод насельніцтва горада і раёна, колькасць яе навучэнцаў пастаянна расце і сёлета перавысіць 190 чалавек.

У 4 і 8 класах будуць новыя праграмы па ўсіх вучэбных прадметах. На другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі па рашэнні адміністрацый навучальных устаноў могуць быць створаны класы або групы з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні. У 5—7 класах магчыма вывучэнне на павышаным узроўні замежнай мовы, а з 8 класа — любога іншага вучэбнага прадмета. На гэта выдзяляюцца дадаткова дзве гадзіны ў тыдзень.

На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі прадоўжаць функцыянаваць профільныя класы. Таксама прадугледжана магчымасць правядзення факультатыўных заняткаў прафе­сійнай накіраванасці з мэтай арыентацыі навучэнцаў на атрыманне педагагічных, сельскагаспадарчых і аграрных спецыяльнасцей. Па дагаворы з Беларускім аграрна-тэхнічным уні­версітэтам так званы аграрны клас з’явіцца сёлета на базе Варапаеўскай СШ. У 10-х базавых класах у гэтым навучальным годзе ўведзены прадмет “Працоўнае навучанне”. Па суботах на працягу шасці гадзін школьнікі будуць асвойваць рабочыя спецыяльнасці: дзяўчынкі — вучыцца прафесіі швачкі, хлопчыкі — сталяра або цесляра.

Будзе прадоўжана вывучэнне прадмета “Мастацтва. Сусветная мастацкая культура” ў 5—8 класах, а асновы бяспекі жыццядзейнасці ў 2—7 класах вывучацца як вучэбны прадмет, у 8—9 — у якасці факультатыўнага занятку. Па-іншаму арганізуецца дзяленне класа на групы па замежнай мове. Калі раней у групе павінна было быць не менш за 6 вучняў, то цяпер — мінімум 9. Асаблівая ўвага будзе звернута на перагрузку навучэнцаў, захаванне санітарных правілаў і норм, у прыватнасці, у частцы аб’ёму выканання дамашніх заданняў па кожным вучэбным прадмеце.

— Аляксандр Яўгеньевіч, што вы пажадаеце вучням і педагогам на парозе 1 верасня?
— Пачатак навучальнага года — гэта заўсёды новыя спадзяванні, новыя калегі ў педагогаў і сябры ў дзяцей, новыя перажыванні, а для кагосьці, магчыма, і трывогі. Але, тым не менш, гэта шчаслівая, радасная пара. І мне хацелася б, каб яна заставалася такой на працягу ўсяго навучальнага года. Калегам жадаю мудрасці, цярпення, таленту, дзецям — удзяляць больш увагі вучэбным прадметам, старанна рыхтавацца да заняткаў, разумеючы, што іх будучыня залежыць перш за ўсё ад іх саміх, ад таго, як засвояць школьную праграму і праявяць сябе ў вучэбным працэсе. А ўсім разам хачу пажадаць моцнага здароўя і поспехаў у вучобе і рабоце.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА