Адрадзіўся і жыве!

Духовность

Фота Наталлі Налей

Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Паставах адзначыў 30-годдзе свайго адраджэння

28 мая 1988 года, пасля 30-гадовага перапынку, калі панавалі атэізм і бязвер’е, пастаўскі храм першым на тэрыторыі былога СССР быў вернуты вернікам: тут стала цэлебравацца святая Імша, гучаць Божае Слова. Пачалося аднаўленне святыні. Шмат сіл да гэтага прыклалі ксёндз-пробашч Ян Шуткевіч, парафіяне Вацлаў Станчык, Станіслаў Дунец, Мар’ян Бумбліс, Мечыслаў Сівіцкі і Часлаў Камянецкі. Працавалі католікі не толькі з Пастаў, але і з іншых парафій. З навакольных вёсак перадавалі грошы на розныя патрэбы.

Не менш намаганняў патрабавала аднаўленне духоўнасці ў свядомасці людзей. І гэта адбылося! Ахрышчаны тысячы дзяцей і столькі ж прынялі першую Святую Камунію, сотні сужонкаў прамовілі словы прысягі. А колькі памерлых, паспавяданых у спакоі адышлі да вечнасці… Пра ўсё гэта клапаціліся святары. Сярод іх пробашчы Ян Шуткевіч, Збігнеў Бояр, Крыштаф Сілкоўскі, Анджэй Возьняк, Вадзім Прасяной. А яшчэ шмат ксяндзоў-вікарыяў таксама зрабілі вялікі ўклад у будаўніцтва Касцёла ў душах пастаўчан. З 2001 года ў парафіі працуюць сёстры ордэна Маці Божай Міласэрнасці.

На юбілейную ўрачыстасць прыехалі высокія госці: ксёндз-біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, прадстаўнік Нунцыятуры Папы Рымскага ў Рэспубліцы Чад ксёндз-прэлат Аляксандр Рагіня, святары пастаўскага дэканата, былы пробашч Кшыштаф Сілкоўскі, пробашчы з Глыбокага, Верхнядзвінска. Прыемна было бачыць ксяндзоў Алега і Аляксандра Півавараў, Дзмітрыя Рацько, выгадаваных нашым касцёлам. Прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі арганізацый, якія дапамагаюць мясцоваму храму.

У час святой Імшы біскуп асвяціў новы алтар з абразом Перамянення Пана з былога за­дзеўскага касцёла, новую харугву Маці Божай Шкаплернай, купленую спецыяльна да юбілею. Збоку, ля алтара, у гэты дзень знаходзіўся крыж, якім 30 гадоў таму ксёндз Ян Шуткевіч сімвалічна адкрываў пастаўскі касцёл.

Да свята парафіяне ўпрыгожылі тэрыторыю перад храмам, падрыхтавалі стэнды «З гісторыі парафіі. Успаміны будаўнікоў касцёла», «Памерлыя будаўнікі касцёла», а таксама кветкі і сувеніры святарам. Радасць і ўзрушэнне перапаўнялі кожнага. А мне ўспомніліся словы Антона Лушчыка — аднаго з тых, хто адбудоўваў святыню: «Наша пакаленне ўжо старое, адыходзіць да вечнасці. Патрэбны новыя вернікі — энергічныя, якія не шкадавалі б часу і сіл для Пана Бога. Няхай вас, маладых, атуляе Божая ласка, імкніцеся, каб вас у касцёле станавілася ўсё больш».

Пастаўскі храм не пустуе. Шмат людзей прыходзяць сюды не толькі ў вялікія святы, але і кожную нядзелю, і нават у звычайныя дні…   

Аліна ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.