Акцэнт – на прадухіленне вытворчага траўматызму

Главное Правовое поле

У прэзідыуме Павел Станюш, Дзмітрый Герасімаў і Аляксандра Жукава

27 ліпеня на базе падраздзяленняў УП ЖКГ Пастаўскага раёна адбыўся абласны выязны семінар «Дзень аховы працы» для кіраўнікоў прадпрыемстваў і спецыялістаў па ахове працы жыллёва-камунальнай галіны Віцебшчыны.

Адкрываючы мерапрыемства, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Герасімаў адзначыў, што ў параўнанні з мінулым годам у 2018-м колькасць выпадкаў вытворчага траўматызму, на жаль, павялічылася. Таму акцэнт семінара — на бяспечнае выкананне тых відаў работ, якія прыносяць сумную статыстыку. З гісторыяй і сацыяльна-эканамічным развіццём раёна гасцей азнаёміў намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Павел Станюш.

Пасля наведвання лазні, кацельні ў 6 гарадку, жылфонду і транспартнага ўчастка, дзе дэманстраваліся арганізацыя працы пункта выдачы сродкаў індывідуальнай абароны насельніцтву пры пагрозе ўзнікнення надзвычайных сітуацый, забеспячэнне бяспекі працы пры выкананні работ па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду, бягучым рамонце жылога дома, шынамантажных работ і ямачнага рамонту з выкарыстаннем устаноўкі нагрэву асфальту, адбылося пленарнае пасяджэнне.

Галоўны спецыяліст па ахове працы Галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Аляксандра Жукава падвяла вынікі работы па ахове працы ў арганізацыях сістэмы ЖКГ Віцебшчыны за першыя 6 месяцаў бягучага года. Яна паведаміла, што ўсе мерапрыемствы па ахове працы накіраваны на захаванне жыцця і здароўя работнікаў, папярэджанне няшчасных выпадкаў, прафесійных захворванняў і спрыяюць стварэнню здаровага псіхалагічнага клімату ў працоўных калектывах, павышэнню прадукцыйнасці працы. Вялікая ўвага надаецца інфармацыйнаму забеспячэнню пытанняў аховы працы, навучанню бяспечным метадам і прыёмам выканання работ. За справаздачны перыяд за парушэнне працоўнай дысцыпліны з прадпрыемстваў вобласці звольнена 98 чалавек, з іх 52 — за парушэнне патрабаванняў па ахове працы, у тым ліку за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны склала 81,5%, колькасць занятых на рабочых месцах са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы — 9 870 чалавек. На прадпрыемствах ажыццяўляецца пастаянны кантроль за выкананнем работнікамі заканадаўства па азначанай тэме. Спецыялістамі па ахове працы здзейснены 472 праверкі, выдадзена 447 прадпісанняў на ліквідацыю 2133 выяўленых парушэнняў.

Удзельнікі семінара знаёмяцца з устаноўкай нагрэву асфальту на транспартным участку

З ажыццяўленнем грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях сістэмы ЖКГ вобласці азнаёміў галоўны дзяржаўны інспектар працы Глыбоцкага міжраённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Уладзімір Пляшак. Ён падрабязна спыніўся на структуры і дзейнасці аддзела, тыповых парушэннях, з якімі сутыкаюцца інспектары, формах работы (маніторынгах, абследаваннях, мабільных групах). Раіў пільна сачыць за ўсімі неабходнымі працэдурамі, перасцерагаў ад утойвання няшчасных выпадкаў і падробкі дакументаў. Адзначыў, што найбольш эфектыўна ахова працы наладжана на тых прадпрыемствах, дзе адпаведная служба падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку, а не галоўнаму інжынеру.

Аналіз вытворчага траўматызму ў арганізацыях сістэмы ЖКГ за першае паўгоддзе правёў намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Аляксей Юсікаў. За гэты перыяд загінулі 11 чалавек, 39 атрымалі цяжкія траўмы. У 12% ад завершаных расследаванняў прычынай няшчасных выпадкаў стала невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы, у 2,4% — алкагольнае ап’яненне. Таксама Аляксей Васільевіч спыніўся на памерах выплат, прадугледжаных у выпадку страты працаздольнасці.

Як наладжана работа па ахове працы і выкананні Дырэктывы №1 у філіяле «Полацкводаканал», расказаў галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Філіпаў. Работа вядзецца вельмі грунтоўная, але спынюся толькі на найбольш цікавых і перадавых метадах, якія, магчыма, у хуткім часе пяроймуць і іншыя прадпрыемствы галіны. Ва ўсялякім выпадку на гэта нацэльваў Д. І. Герасімаў. Так, ужо трэці год на пяці аб’ектах водаканала (у тым ліку ў сельскай мясцовасці) дзейнічаюць электронныя прахадныя — аўтаматызаваная сістэма ўліку працоўнага часу з абавязковай бескантактнай праверкай на наяўнасць пароў алкаголю ў выдыхаемым паветры. Прынцып дзеяння наступны: работнік прадпрыемства падносіць свой электронны пропуск да счытвальніка інфармацыі — і на экране з’яўляюцца яго даныя і час рэгістрацыі. Затым сістэма актывізуе блок алкатэсціравання і прапануе падзьмуць у спецыяльную варонку. Калі ўсё ў норме, вынік заносіцца ў базу даных. Пры выяўленні пароў алкаголю сістэма тут жа апавяшчае адказных асоб пры дапамозе SMS-паведамленняў, і работніка неадкладна выклікаюць на камісійны агляд. Падмануць сістэму нельга. Кантролем ахоплены 100% работнікаў. Такая ж працэдура здзяйсняецца і пры заканчэнні працоўнай змены. Таксама на ўзбраенні ў прадпрыемства сістэма gps-кантролю транспарту, відэарэгістратары, фотапасткі, квадракоптар.

Падводзячы вынікі, Дзмітрый Герасімаў адзначыў, што ўсе аб’екты, якія наведалі ўдзельнікі семінара, былі падрыхтаваны на належным узроўні. Гэта асабліва прыемна, бо работа была праведзена ў кароткія тэрміны.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.