Акунёмся ў атмасферу гістарычных падзей

Важное Общество

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з моманту завяршэння аднаго з самых шырокамаштабных узброеных канфліктаў у гісторыі планеты, у якім прымалі ўдзел 38 дзяржаў, — Першай сусветнай вайны. З 1915 года асноўныя аперацыі на расійска-германскім фронце вяліся на тэрыторыі Беларусі. Закранулі яны і наш раён. Лінія фронта праходзіла на поўнач ад Пастаў. 

Шрамы вайны час не сцёр. У спадчыну там засталіся фартыфікацыйныя збудаванні — бетонныя нямецкія бліндажы, доты, траншэі, якія эфектыўна выкарыстоўваліся для прымянення зброі, ваеннай тэхнікі, пунктаў кіравання. Цяпер прадпрымаецца ўсё, каб захаваць гісторыю для нашчадкаў і стварыць музей пад адкрытым небам.

Па звестках гісторыкаў на тэрыторыі Пастаўскага раёна падчас Першай сусветнай вайны загінулі тысячы людзей. На сённяшні дзень дзякуючы валанцёрскаму руху «Заходні рубеж», актыўным удзельнікам якога з’яўляецца фатограф-аматар, а цяпер аператар пастаўскага тэлебачання Андрэй Мацур, адшуканы каля трох дзясяткаў пахаванняў.

— На Пастаўшчыне заўсёды з асаблівым трапятаннем падыходзілі і падыходзяць да гістарычнай спадчыны, — расказваў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Шмат робіцца па ўвекавечанні памяці воінаў, якія загінулі на палях баёў. Праведзена вялікая работа па пошуку і добраўпарадкаванні закінутых магіл рускіх і нямецкіх салдат. Асабліва актывізавалася работа ў Год малой радзімы. З мэтай адлюстраваць падзеі стогадовай даўнасці 30 верасня запланавана правесці маштабную рэканструкцыю ваенных падзей 1915 года пад назвай «Пастаўскі рубеж».

Ініцыятарамі яе правядзення выступілі райвыканкам, дабрачынны культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны, гістарычна-культурны комплекс «Лінія Сталіна», добраахвотнае таварыства аховы помнікаў і культуры. Пройдзе гэта мерапрыемства каля возера Задзеўскае, недалёка ад водазабора, бо менавіта тут актыўна грымелі баі Першай сусветнай. Ва ўмовах, максімальна прыбліжаных да баявых, рэканструктары з Беларусі, Расіі і Прыбалтыкі адновяць некалькі ваенных эпізодаў. Рэканструкцыя з’яўляецца адной з самых дзейсных форм вывучэння ваеннай гісторыі, яна дазваляе дапоўніць і сістэматызаваць веды, атрыманыя з розных крыніц.

Падрыхтоўка да мерапрыемства ўжо вядзецца. 21 жніўня, па ініцыятыве райвыканкама, валанцёраў «Заходняга рубяжа», БРСМ быў праведзены суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Удзел у ім прынялі больш за 20 чалавек. Сярод іх ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра, Лынтупскай пагранічнай заставы, валанцёры «Заходняга рубяжа», школьнікі, работнікі УП ЖКГ.

Анна АНІШКЕВІЧ