Беларусь у маім сэрцы

2018 год — Год малой радзімы Общество

З дзяцінства люблю сваю малую радзіму, Айчыну, мову. Памятаю матуліны словы, якія пачуў у маленстве: “Не плач, мой сыночак! Зараз гэтыя дзядзькі пойдуць ад нас, і ўсё будзе добра”. Калі падрос, зразумеў, што ў дзядулеву хату, нашу вёску Ракіты, якая стаяла на мяжы Літвы і Беларусі, прыходзілі “лясныя браты”. Яны гучна размаўлялі, нават крычалі, пагражалі зброяй, ставілі да сцяны дзядулю і тату. Зараз у суседніх краінах іх робяць героямі, а насамрэч яны загубілі ў нашай Сінявокай не адзін дзясятак актывістаў, старшынь калгасаў і сельскіх Саветаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху.

Па-беларуску матуля і бабуля расказвалі мне народныя казкі, некаторыя з якіх памятаю дагэтуль. На ёй жа бабуля Генэфа чытала бессмяротныя творы Аляксандра Пушкіна, Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнкі. Галоўнай жа кнігай — Кнігай жыцця — у дзядулевай хаце было Евангелле на старажытнабеларускай мове, выдадзенае ў Вільні, якое яму на памяць пакінуў ці то настаўнік, ці то ксёндз па прозвішчы Баневіч.

Доўгі час думаў, што на свеце існуе толькі адна мова — тая, на якой мы размаўляем. Але аднойчы да нас у хату завіталі байцы, якія змагаліся з “ляснымі братамі”, і размясціліся ў другой палове, дзе была школа. Яны размаўлялі па-руску. Старшы па званні (старшына, як сказаў потым тата), пажылы ваенны з вусамі, паклаў у салдацкі кацялок чарпак кашы-канцэнтрату, працягнуў мне і сказаў: “Мальчик, кушай”. Я зразумеў “пакаштуй”, што і зрабіў — пакаштаваў, пахваліў за смак, пакланіўся і падзякаваў, вяртаючы ваеннаму кацялок. А той настойваў: “Ты кушай, кушай! Потом будешь спасибовать”.

Калі яшчэ падрос, пачуў польскую і літоўскую мовы, на якіх вернікі маліліся ў касцёле ў Васевічах. На гэтых мовах я рыхтаваўся да прыняцця Першай Камуніі. У 1957 годзе пераехалі ў Паставы, прадоўжыў вучобу ў СШ №2, дзе да сёмага класа ўсе прадметы выклада­ліся на беларускай мове. Пасля восьмага вырашыў пас­тупаць у Рыжскую мараходку. Паспрабаваў там размаўляць па-руску. У выніку над маім “русским” смяяўся ўвесь паток. Экзамен здаў на “удовлетворительно” і не прайшоў па суме набраных балаў па конкурсе, але, як кажуць, што ні робіцца, усё да лепшага, стаў ваенным чыгуначнікам. Рускай мовай авалодаў, а родную не забыў. Падчас службы на Далёкім Усходзе нашы сямейныя набыткі нейкі час заставаліся ў сям’і Мікалая Зінчанкі, бо везці іх не было куды. Калі гаспадар даведаўся, што мы з Пастаў, вельмі ўзрадаваўся. Высветлілася, што ў 1944 годзе ён прымаў удзел у вызваленні нашага горада і быў цяжка паранены. Аднойчы мы завіталі да гэтых гасцінных людзей. За святочным сталом (быў якраз Вялікдзень) гаспадыня, цётка Надзя, папрасіла паразмаўляць па-беларуску. Мы выканалі яе просьбу і нават заспявалі “Цячэ вада ў ярок”, потым — яшчэ і яшчэ. У выніку сарвалі апладысмены. Гаспадыня прызнала мову і песні меладычнымі. А гаспадар дадаў, што ўжо ў шпіталі зразумеў: Беларусь — краіна са сваёй мовай і культурай, а беларусы — вельмі добрыя, душэўныя і таленавітыя людзі. У часцях, дзе мне давялося служыць, было шмат прадстаўнікоў з Беларусі. Сярод іх мой зямляк з Варапаева Мікалай Лапачонак, з якім пры сустрэчах віталіся і размаўлялі па-беларуску, марылі вярнуцца пасля службы ў Сінявокую. Так і сталася: я — у Паставах, ён — у Маладзечне.

Увесь час радаваўся весткам з Радзімы, сустрэчам з беларускім. Для мяне не мела значэння, што гэта было: паведамленне пра палёт у космас чарговага беларуса, бляшанка глыбоцкага згушчанага малака ў сухім пайку, эшалон з БелАЗамі на толькі што пабудаванай воінамі-чыгуначнікамі лініі Салхіт—Эрдэнет, якія прызначаліся для перавозкі здабываемай медна-нікелевай руды, такой патрэбнай для савецкай касмічнай прамысловасці…

Змяняюцца погляды на існаванне чалавецтва ў цэлым, народаў паасобку і месца кожнага чалавека ў гэтым свеце. Але застаецца тое, што сапраўднае, назаўсёды, тое, што трэба мець і за што змагацца. І гэта — Беларусь!

Леанід СЕМЯНАС



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.