Брэндбук хацілаўскага магазіна

Общество

Праехаць міма магазіна ў Хацілах і не спыніцца было немагчыма. Будынак прыцягвае ўвагу абноўленым фасадам, памаляваным у ярка-зялёны колер. Адбыліся змены і ў гандлёвай зале. Цяпер для зручнасці пакупнікоў усе тавары знаходзяцца на адкрытай выкладцы, у свадобным да іх доступе. Магазін працуе па сістэме самаабслугоўвання.

Загадчыца магазіна Святлана Чарняўская

— Абнаўленне магазіна правялі ў адпаведнасці з новым брэндбукам “Белкаапсаюза”, — расказвала першы намеснік старшыні праўлення Пастаўскага спажывецкага таварыства Ганна Сянько. — Гэта непрывычнае для нас слова азначае візуальны атрыбут, які павінен павысіць пазнавальнасць кампаніі. Ужо склаўся цэласны стыль. Ён адлюстраваны ў лагатыпе, слогане, шрыфтах, колеравай гаме інтэр’ера. Пры сённяшняй канкурэнцыі трэба адпавядаць часу. Таму памянялі асвятленне залы, планіроўку вітрын. Яны аформлены з выкарыстаннем фірменных колераў і сімволікі. Дзякуючы навігатарам тавара, якія ўстаноўлены на банерах, пакупнікі лёгка арыентуюцца ў тым, каб хутка адшукаць патрэбнае.

Праўленне раённага спажывецкага таварыства імкнецца прывабліваць пакупнікоў як шырокім асартыментам тавараў, так і прыгожай яго выкладкай, робіць усё для таго, каб максімальна задаволіць попыт. Змяніў выгляд і магазін у Кураполлі. У планах абнаўленне гандлёвых кропак у Варапаеве і Парыжы.

Анна АНІШКЕВІЧ