Дапамаглі сабрацца ў школу

Общество

Ужо шмат гадоў запар напярэдадні 1 верасня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пачынае асенні этап пастаянна дзеючай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. Сутнасць яго ў тым, каб дапамагчы школьнікам у падрыхтоўцы да навучальнага года. У рамках гэтай акцыі 29 жніўня старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Іна Далецкая і Аляксей Філімонаў завіталі ў дзіцячы прытулак Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна, каб павіншаваць яго выхаванцаў з надыходзячым Днём ведаў і ўручыць падарункі.

На сённяшні дзень у прытулку знаходзяцца 15 дзетак. З іх 8 дашкольнага ўзросту і 7 школьнікаў, якія пойдуць з першага па адзінаццаты клас. Малышам госці прынеслі фарбы і размалёўкі, старэйшым дзецям — сшыткі, алоўкі, вокладкі для кніг і іншыя канцылярскія прылады, а таксама партфелі і школьную форму. Перадаючы ўсё гэта хлопчыкам і дзяўчынкам, Іна Аляксееўна і Аляксей Аляксеевіч пажадалі ім поспехаў у вучобе і хутчэйшага вяртання ў свае біялагічныя сем’і. У адказ дзеці выступілі перад прафсаюзнымі лідарамі раёна з невялікім канцэртам, які падрыхтавалі з дапамогай педагогаў цэнтра.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ