Добрае сэрца шпіталя

Главное Общество

Вялікая прыёмная сям’я пастаўчан Вольгі і Аляксандра Вавінскіх стала чарговым адрасам, куды ў гэты панядзелак завіталі з падарункамі актывісты райкама БРСМ у рамках штогадовай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «У школу з Добрым сэрцам!»

Як мы ўжо расказвалі на старонках газеты, акцыя праводзіцца Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі з 1 жніўня па 15 верасня і мае на мэце дапамагчы мнагадзетным, няпоўным, прыёмным сем’ям, сем’ям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, падрыхтаваць дзяцей да навучальнага года. Яе ініцыятарамі з’яўляюцца валанцёры руху “Добрае сэрца”, да якіх на Пастаўшчыне далучы­ліся прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і іншыя неабыякавыя.

Асаблівую актыўнасць праявілі сёлета работнікі першага ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. “Яшчэ ў 20-х чыслах ліпеня мы прынялі рашэнне дапамагчы дзецям сабрацца ў школу, — расказваў сакратар пярвічкі ўстановы аховы здароўя Аляксандр Баглікаў. — Кінулі кліч па шпіталі — і нечакана адгукнуўся ўвесь калектыў. Не толькі БРСМаўцы, але і іншыя медработнікі сталі прыносіць дзіцячае адзенне, абутак, цацкі, канцтавары. Іх сабралі вельмі шмат, адных толькі тонкіх сшыткаў — каля 400 штук”.

Частку гэтых рэчаў А. Баглікаў разам з бухгалтарам харчова-рэчавай службы Вольгай Бандарэнка прывёз сям’і Вавінскіх, дзе, акрамя роднай дачкі Вары, выхоўваюцца сямёра прыёмных дзяцей. Усе школьнікі, з трэцяга па адзінаццаты клас. Астатнія рэчы засталіся ў райкаме БРСМ і неўзабаве будуць перададзены яшчэ шэрагу малазабяспечаных сем’яў у горадзе і раёне. Па словах выконваючай абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Веранікі Казлоўскай, актыўны ўдзел у акцыі “У школу з Добрым сэрцам!” прынялі многія пастаўчане. Не толькі дарослыя, але і вучні школ, гімназіі, каледжа, якія неслі і працягваюць несці ў раённы камітэт маладзёжнага саюза хто што можа.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ