І далей павышаць якасць ведаў

Главное Образование

Такая задача пастаўлена перад педагогамі Пастаўшчыны, якія 30 жніўня сабраліся ў раённым Доме культуры на традыцыйную жнівеньскую педканферэнцыю, прысвечаную тэме «Сістэма адукацыі раёна: дасягненні, арыенціры, задачы»

Разам з настаўнікамі і выхавальнікамі ўсіх устаноў адукацыі на галоўны педсавет завіталі ганаровыя госці — старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Кісялёў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Чаплінская, а таксама першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Вераніка Казлоўская. Вітаючы прысутных, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Кашырын адзначыў, што ў 2017/2018 навучальным годзе намаганні педагагічных работнікаў Пастаўшчыны былі накіраваны на забеспячэнне даступнасці і павышэнне якасці адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснага грамадства, запытамі навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама на выкананне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў дадзенай сферы. “Гэта работа будзе прадоўжана і сёлета”, — запэўніў ён, спыніўшыся на асноўных напрамках дзейнасці за мінулы перыяд.

На жаль, у апошні час сетка ўстаноў адукацыі раёна няўхільна скарачаецца. Вось і з 1 верасня 2018-га закрыты тры школы (Старадворская і Ярэўская базавыя, Хацілаўская пачатковая) і два дзіцячыя сады (у Груздаве і Старым Двары), а СШ №5 г. Паставы рэарганізавана ў базавую школу. Пры гэтым расце напаўняльнасць класаў і груп у дзіцячых садах, бо колькасць школьнікаў на працягу апошніх трох гадоў застаецца амаль нязменнай, а дашкольнікаў нават крыху павялічваецца. Але аптымізацыя ніяк не ўплывае на якасць ведаў вучняў. Яна дастаткова высокая, што пацвярджаюць вынікі ўдзелу юных пастаўчан у прадметных алімпіядах, конкурсах, фестывалях, канферэнцыях, а таксама паступальнасць выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Настаўнікі Варапаеўскай СШ з дырэктарам Віктарам Жуком (справа)

Так, у абласным этапе фестывалю міжкультурных камунікацый у 2017/2018 навучальным годзе нашы школьнікі заваявалі 5 дыпломаў розных ступеняў і па колькасці і якасці ўзнагарод пераўзышлі папярэдні вынік. 9 дыпломаў атрымана ў трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, што з’яўляецца адным з лепшых вынікаў сярод сельскіх раёнаў Віцебшчыны, і 1 дыплом — у заключным этапе спаборніцтваў. Па 3 дыпломы прынёс удзел у навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў Віцебскай вобласці “Эўрыка” і ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Радуе, што 21 выпускнік у раёне закончыў сярэднюю школу з залатым медалём, а двое набралі максімальныя 100 балаў на цэнтра­лізаваным тэсціраванні па матэматыцы і беларускай мове. Высокі працэнт паступлення нашых выпускнікоў у ВНУ — ён складае 51,9.

 Зразумела, якасць адукацыі напрамую залежыць ад прафесійнага майстэрства педагогаў. На сённяшні дзень 84,7% настаўнікаў, якія працуюць у школах раёна, маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. У дашкольных установах такіх спецыялістаў 32,6%. Пастаянна вядзецца работа па павышэнні адукацыйнага ўзроўню педагагічных работнікаў. Яны рэгулярна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі, прымаюць удзел у рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях педагагічных ідэй, навукова-практычных канферэнцыях, працуюць у складзе рэспубліканскіх творчых груп і экспертных груп па выніках праверкі падручнікаў.

Якасць адукацыі на сучасным этапе — гэта не толькі ўзровень засваення акадэмічных ведаў, але і ўзровень выхаванасці, сфарміраванасці агульначалавечых каштоўнасцей, развіццё асобасных якасцей дзіцяці. Паспяхова рэалізоўваць задачы па фарміраванні асобы будучага грамадзя­ніна дазваляе сістэма ідэалагічнага, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, якая склалася ва ўстановах адукацыі раёна. Сюды адносяцца дзейнасць Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспуб­ліканскай піянерскай арганізацыі, работа разнастайных аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў па вучэбных прадметах, дзіцяча-юнацкі турызм і інш.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто ўручае Падзяку старшыні райвыканкама дырэктару СПЦ Наталлі СеліванавайВялікая ўвага надаецца таксама фарміраванню ў школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін, арганізацыі летняга адпачынку і занятасці, удасканаленню вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў, забеспячэнню іх спартыўным інвентаром і абсталяваннем за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў. Працягваецца работа па павышэнні даступнасці спецыяльнай адукацыі з улікам развіцця інклюзіўных працэсаў, па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці і аказанні своечасовай дапамогі дзецям і сем’ям, якія аказаліся ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Па кожным з названых вышэй напрамкаў А. Я. Кашырын акрэсліў канкрэтныя задачы на 2018/2019 навучальны год, па­віншаваў педагогаў з Днём ведаў і пажадаў ім новых прафесійных дасягненняў, перамог і адкрыццяў. З віншаваннямі і пажаданнямі да настаўнікаў і выхавальнікаў звярнуліся таксама старшыні раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Грачанік. Сваім вопытам работы падзяліліся з калегамі дырэктары Варапаеўскай і Дунілавіцкай сярэдніх школ Віктар Жук і Васілій Бульбяноў, дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна Наталля Селіванава.

Па традыцыі на канферэнцыі былі прадстаўлены маладыя спецыялісты, якія прыехалі працаваць у наш раён, лепшым педагогам уручылі Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, Падзякі старшыні райвыканкама. Іх атрымалі В. М. Жук і В. В. Селіванава, дырэктар Пастаўскай гімназіі С. Ч. Каранеўскі і двое прыёмных бацькоў — Г. К. Шарыпкіна і А. М. Граблеўская. Шэраг работнікаў узнагароджаны граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама і Віцебскага абкама прафсаюза. Ну, а агульным падарункам для ўсіх стаў невялікі канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі школ горада, якія сёння селі за парты.

Маладыя спецыялісты: выкладчыкі замежных моў Вікторыя Жукоўская, Караліна Скіпар і кіраўнік фізвыхавання Любоў Асяненка

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара