Я буду доўга гнаць веласіпед

Важное Общество

Гэтыя словы з вядомай песні мне ўспомніліся падчас велапрабегу, які быў нядаўна арганізаваны работнікамі лынтупскага філіяла ТЦСАН.

Удзел у ім прынялі тры каманды па 10 чалавек у кожнай. «Марачка» — так назвалі сябе тыя, хто наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Атрыбуты адпавядалі назве: цяльняшкі, бла­кітныя шары, на веласіпе­дзе ка­пітана каманды Тэрэзы Мальч — імправізаваны карабель.

«Усмешка» — каманда сацыяльных работнікаў і тое, без чаго ім не абысціся пры абслугоўванні сваіх падапечных.

«Вясёлка» — каманда работнікаў аддзялення кругласутачнага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту. Іх сімвал — яркая стужка ўсіх колераў вясёлкі.

А колькі фантазіі праявілі ўдзельнікі велапрабегу пры ўпрыгожванні веласіпедаў! Пасля візітнай карткі, якую прадставілі на пляцоўцы перад будынкам філіяла ТЦСАН, адправіліся ў дарогу — у адзін бок трэба было пераадолець 8 кіламетраў (ад Лынтуп да Пешкаўцаў).

Каб даць магчымасць перадыхнуць, былі задуманы прыпынкі. На першым арганізатар мерапрыемства Алена Валасевіч сустрэла веламарафонцаў апетытным пірагом з яблыкаў і правяла гульню на ўважлівасць, загадала загадкі. Яшчэ праз некалькі кіламетраў дарогу ім перакрыў пільны зялёны патруль, ролю якога выканала Наталля Раманоўская.  Яна праверыла веды па правілах паводзін у лесе, уменне арыентавацца на мясцовасці, прапанавала намаляваць плакаты, прысвечаныя ахове прыроды. Канчатковым пунктам прыпынку стала возера каля Пешкаўцаў. Перш чым веласіпедысты прыступілі да абсталявання імправізаванага лагера, усе павіншавалі з днём нараджэння Жанну Вашкінель з каманды «Усмешка».

Адпачынак на прыродзе  ўключаў ў сябе абед (кожная каманда рыхтавала па адной страве). Усе дружна ўзяліся за работу: адны чысцілі бульбу, іншыя рабілі бутэрброды і нарыхтоўкі для гарачых страў. Запахла дымком, павеяла прыемным водарам з кацялкоў. А тым часам ішла забаўляльная праграма: шылася пакрывала сяброўства, спяваліся песні. Неўзабаве члены каманды “Усмешка” зварылі юшку, тушаную капусту з каўбасой падалі ўдзельнікі «Вясёлкі», а праз некалькі хвілін і плоў ад «Марачкі» падаспеў.

Падсілкаваўшыся, веламарафонаўцы з задавальненнем прыняліся выконваць заданні Алены Валасевіч. Нават кароткачасовы спорны дождж не сапсаваў ім настрой. Найбольш актыўнымі аказаліся «Марачкі».

— Велапрабег задуманы ў выглядзе квэста, — расказвала Алена Валасевіч. — Гэта слова ў перакладзе з англійскай мовы азначае пошук. Першапачаткова так называліся камп’ютарныя гульні, падчас якіх трэба было разгадаць складаныя галаваломкі, знайсці каштоўныя артэфакты. Мы ж пад квэстам прапануем розныя заданні, выканаць якія дапамагаюць логіка і інтуіцыя. У любым узросце вельмі важна трэніраваць памяць, паглыбляць веды. А прагулкі на веласіпедзе, несумненна, умацоўваюць здароўе, аддаляюць старасць.

— Рух — гэта жыццё, — гаварылі «Марачкі». — Нягледзячы на свой узрост, мы садзімся на веласіпед і лёгка пераадольваем пэўныя адлегласці. Дзякуючы аддзяленню дзённага знаходжання і асабіста Алене Валасевіч, мы, атрымаўшы права на заслужаны адпачынак, працягваем цікавае і змястоўнае жыццё.

— Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць, напаўняюць пазітывам, — дзяліліся ўдзельнікі «Усмешкі». — Догляд адзінокіх, састарэлых забірае шмат не толькі фізічных, але і маральных сіл. І калі язда на веласіпе­дзе для сацыяльных работнікаў — стыль жыцця, то адпачынак на прыродзе — свята.

— Многія з нас прывыклі вольны час праводзіць на канапе перад тэлевізарам, — казалі жанчыны з «Вясёлкі». — Сёння мы па-добраму пазайздросцілі «Марачкам». Звычайна пажылы ўзрост асацыіруецца з пасіўнасцю, пагаршэннем здароўя, выключэннем з сацыяльнага жыцця. Нашы «Марачкі» поўнасцю разбурылі гэты стэрэатып. У сваім залатым узросце яны маюць багаты ўнутраны свет, выдатную фізічную форму, на адным дыханні гатовы былі праехаць усю адлегласць.

Наталіўшыся свежым паветрам, навесяліўшыся, удзельнікі велапрабегу адправіліся ў зваротны шлях. Ад яркіх уражанняў ён, здаецца, стаў карацейшым.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте