Ёсць чым ганарыцца і да чаго імкнуцца

Здравоохранение Общество

Вераніка Казлоўская віншуе з уступленнем у рады БРСМ Андрэя Кучынскага

Працягваючы сустрэчы маладзёжнай інфармацыйнай групы, пагутарыць з моладдзю пра жыццё-быццё пярвічкі, планы, а таксама павіншаваць новых членаў з уступленнем у рады арганізацыі ў 1-ы ваенны шпіталь органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь у канцы ліпеня завітала выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. На сустрэчы таксама прысутнічалі намеснік начальні­ка шпіталя па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні палкоўнік Аляксей Буйніч, салдаты тэрміновай службы, якія праходзяць тут лячэнне.

Пачалася яна з уручэння значкоў і членскіх білетаў тым, хто нядаўна папоўніў рады пярвічкі маладзёжнага саюза шпіталя. А гэта Марына і Андрэй Кучынскія, Антон Якаўлеў, Аксана Гайлюш, Анастасія Цеплякова, Надзея Смаленская і Анастасія Крывенькая. Іх віншавалі апладысментамі, шчырымі словамі, жадалі як найярчэй праявіць сябе ў грамадскім жыцці.

А тое, што яно тут сапраўды насычанае, пацвердзіў расказ сакратара пярвічкі Аляксандра Баглікава. БРСМаўцы шпіталя — нязменныя ўдзельнікі патрыятычных, экалагічных і дабрачынных рэспубліканскіх акцый, спартыўна-масавых мерапрыемстваў. Часта іх можна ўбачыць і на раённых святах, дзе, як праві­ла, яны задзейнічаны ў мастацкай самадзейнасці. Вялікая ўвага тут надаецца і прафарыентацыйнай рабоце з навучэнцамі Пастаўшчыны, выхаваўчай — з салдатамі-пагранічнікамі, гісторыка-культурнай. Амаль пра ўсё гэта журналісты раёнкі пісалі на старонках выдання.

Былі абмеркаваны і бліжэйшыя планы. У прыватнасці, якім чынам будуць дапамагаць збірацца ў школу дзецям з прытулку раённага Сацыяльна-педагагічнага цэнтра і малазабяспечаных сем’яў, якую падтрымку акажуць пажылым людзям. Ішла гаворка і пра добраўпарадкаванне крыніцы (яна размешчана недалёка ад райцэнтра), над якой вырашылі ўзяць шэфства, пра велапаход, што мараць ажыццявіць. У хуткім часе ва ўстанове павінен з’явіцца інфармацыйны стэнд, ён будзе адлюстроўваць дзейнасць пярвічнай арганізацыі БРСМ шпіталя.

Тэзісна на сістэме аховы здароўя органаў пагранічнай службы краіны, прафілактыцы процівапраўных паводзін, папулярызацыі здаровага ладу жыцця і адказных паводзінах спыніўся капітан медыцынскай службы Андрэй Кучынскі. Усе разам — разважалі, як зрабіць больш разнастайным адпачынак для моладзі раёна.

 Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксей Буйніч адзначыў, што ў шпіталі існуе шмат разнастайных грамадскіх аб’яднанняў і ва ўсіх работа наладжана на высокім узроўні. Больш за тое, яны выдатна ўзаемадзейнічаюць. Пажадаў так трымаць і надалей і ў той жа час шукаць новыя формы работы, удасканальваць існуючыя — адным словам, развівацца.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.