Калі за работу ставяць «выдатна

Важное Личности

Найвышэйшая ўзнагарода Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь — нагрудны знак «Выдатнік гандлю Рэспублікі Беларусь» — уручана старшыні праўлення Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства Грыгорыю Леўкаўцу.

Атрымаў яе з рук старшыні праўлення Белкаапсаюза Валерыя Іванова на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню работнікаў гандлю, які прайшоў у Мінску.

— Нечаканая ацэнка маёй работы, — гаварыў Грыгорый Арсенцьевіч. — Было хвалююча і прыемна. Узнагарода абавязвае падымаць планку, рухацца наперад. А гэта ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі вельмі няпроста. Здавалася б, задачы, якія стаяць перад работнікамі гандлю, не мяняюцца — усё для пакупніка. І сёння наша функцыя ў маланаселеных пунктах не столькі камерцыйная, колькі сацыяльная. Дзесьці ва ўрон сабе. І ўсё ж мы будзем і ў далейшым клапаціцца пра нашых землякоў, забяспечваць іх усім неабходным.

32 гады Г. А. Леўкавец упэўнена кіруе Пастаўскім раённым спажывецкім таварыствам. А гэта не толькі сетка магазінаў, але і мноства вытворчых аб’ектаў, на якіх праведзена мадэрнізацыя дзеючых вытворчасцей, укаранёны сучасныя тэхналогіі, асвоены выпуск новых тавараў, павялічаны нарыхтоўчы абарот сельскагаспадарчай прадукцыі. А летась далучылі яшчэ 13 магазінаў і 6 аб’ектаў грамадскага харчавання ў Браслаўскім раёне.

Пра поспехі арганізацыі і самога кіраўніка яскрава сведчаць шматлікія ўзнагароды. Сярод іх ордэн Пашаны, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нагрудны знак «Выдатнік спажывецкай кааперацыі Беларусі» і іншыя. Грыгорый Арсенцьевіч удастоены ганаровых званняў «Заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь» і «Чалавек года Віцебшчыны». Тройчы прадпрыемства заносілася на рэспубліканскую Дошку гонару, двойчы Г. А. Леўкавец атрымліваў Падзячныя пісьмы ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

І цяпер Пастаўскае раённае спажывецкае таварыства застаецца адным з найлепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. За шэсць месяцаў бягучага года выкананы ўсе 9 прагнозных паказчыкаў агульнасістэмнага развіцця дзейнасці спажывецкай кааперацыі раёна. Штогод на рэспубліканскіх аглядах якасці «Ласунак», «Смаката» хлебабулачныя і кандытарскія вырабы пастаўскіх прадпрыемстваў займаюць прызавыя месцы. У мінулым годзе хлеб «Злакавы» ўдастоены сярэбранага медаля.

— За ўсімі дасягненнямі — калектыўная праца, вопыт і старанне прадаўцоў, кандытараў, повараў, вадзіцеляў і іншых работнікаў. Усім удзячны за работу, — гаварыў Грыгорый Арсенцьевіч.

Але не менш важнай з’яўляецца і фігура кіраўніка, якога вызначаюць смеласць рашэнняў, уменне бачыць праблемныя сітуацыі, прымаць дзейсныя меры па іх выпраўленні, працаваць на перспектыву.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.