Камбайны – у майстэрні, сеялкі – у поле

Главное Сельское хозяйство

Фото Сергея Плешакова

Жніво ў раёне практычна завершана. Падвесці яго вынікі карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч папрасіла намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Марыю КЛІМЁНАК.

— Сабраць той ураджай, пад які закладваліся фізічныя, матэрыяльныя і фінансавыя  сродкі, не ўдалося, — гаварыла Марыя Юзэфаўна. — Як вядома, планы хлебаробаў перакрэсліла надвор’е: мінулай восенню з-за моцных даж­джоў не змаглі пасеяць у поў­ным аб’ёме азімыя, вясной зерне яравых лягло ў глебу ў лепшыя тэрміны, ды потым так засушыла, што ўсходы былі нераўнамернымі, пасевам не хапіла вільгаці пры фарміраванні коласа, многія літаральна павыгаралі. У выніку частку яравых прыйшлося спісаць.

— Затое надвор’е спрыяла ўборцы.

— Сапраўды, з-за дажджоў практычна не прастойвалі. Добры тэмп утрымлівала большасць гаспадарак. Зрываў і крытычных момантаў не было, нягледзячы на гарачыню, пажаранебяспечных сітуацый не дапусцілі. 11372 гектары ўбралі за тры тыдні. Па тэмпах уборкі раён на другім месцы ў вобласці (наперад прапусцілі толькі глыбачан). Найбольшыя аб’ёмы былі ў ААТ «Камайскі-агра» (2655 га), «Навасёлкі-Лучай» (1926), «Хацілы-агра» (1310), сельгас­прадпрыемствах «Ляхаўшчына-агра» (1078), «Дунілавічы-агра» (992).

— І якім атрымаўся агульны каравай?

— Па раёне намалочана крыху больш за 39 тысяч тон збожжа (апярэджваем 14 раёнаў вобласці). Недабор да мінулагодняга складае 8 тысяч. З плюсам спрацавалі толькі камайцы: намалацілі 6780 тон, прыбаўка да мінулагодняга — 2110. Найбольш збожжа засыпалі ў засекі навасёлкаўцы — 6797 тон, але гэта амаль на 2,4 тысячы тон менш, чым летась. Крыху больш за 6 тысяч маюць хаці­лаўцы, а недабор — толькі каля 500 тон.

— У гэтай гаспадарцы самая высокая ўра­джайнасць.

— Так. У ААТ «Хацілы-агра» ў сярэднім з гектара выйшла па 45,7 цэнтнера з гектара. 35,3 — у ААТ «Навасёлкі-Лучай», 25,9 — ААТ «Камайскі-агра». У той жа час толькі па 14,3 цэнтнера з гектара далі землі райаграсэрвісу, 14,6 — ААТ «Янавіца-агра». Сярэдняя ўра­джайнасць па раёне — 27,2 цэнтнера. Гэта на 2 цэнтнеры вышэй за сярэднеабласную.

— Той, хто рупіўся, трапіў у лік тысячнікаў.

— Каб намалаціць або перавезці тысячу тон, адной руплівасці мала. Патрэбны добры ўраджай, нагрузка на экіпаж. Таму і лагічна, што першыя тысячнікі з’явіліся ў ААТ «Камайскі-агра». У камбайнера Андрэя Сакалова новы камбайн. Магутны, з 11-метровай жняяркай. У ліку тысячнікаў вадзіцелі гэтай гаспадаркі Вацлаў Яцэвіч, Павел Кеўліч і Мустаф Радкевіч, а таксама вадзіцелі ААТ «Навасёлкі-Лучай» Аляксандр Болт і Аляксандр Альхімёнак.

— Хапіла спраў і аператарам зернесушыльных комплексаў…

— На пачатку жніва зерне было павышанай вільготнасці, і яго трэба было давесці да патрэбнай кандыцыі. Палягчэла, калі ўсталяваліся сонечныя дні. У якіх гаспадарках лепшы ўраджай, там і нагрузка на аператараў была адпаведнай. Больш за 2,5 тысячы тон збожжа перапрацавалі звенні ў складзе Сяргея Ермаковіча, Руслана Скавародкі, Валерыя Макарэвіча, Аляксея Ягорава, 2 тысячы — Яўгенія Рамановіча, Пятра Ясінскага, Аляксея Зямчонка, Вячаслава Болтача з ААТ «Навасёлкі-Лучай». Амаль столькі ж на рахунку Дзмітрыя Целяка і Сяргея Рыбакова з ААТ «Хацілы-агра». У ліку лепшых і аператары сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» Аляксандр Казловіч, Яўгеній Генюш, Славамір і Аляксандр Малец.

— Наперадзе — восень, калі работ восем.

— Побач са жнівом церабілі лён, цяпер вядзецца яго абарочванне, успушванне і прасаванне. Працягваецца нарыхтоўка кармоў: прасуецца і звозіцца з палёў салома, закладваецца сянаж з другога ўкосу траў, а яны выраслі густыя, асабліва канюшына. Пасля дажджоў у рост пайшла кукуруза, да ўборкі якой неўзабаве прыступім. У гэтыя дні сеецца азімы рапс, актыўна вя­дзецца падрыхтоўка да сяўбы азімых. Яны па раёне зоймуць больш за 13 тысяч гектараў. Карацей, робіцца ўсё для таго, каб закласці надзейную аснову ўраджаю-2019.