Кругаварот работ у полі

Главное Сельское хозяйство

Камбайнер адкрытага акцыянернага таварыства «Камайскі-агра» Вадзім Дуброўскі і яго бацька і памочнік Дзмітрый Альфонсавіч

Які імклівы бег часу! Здаецца, зусім нядаўна ішла сяўба яравых, а ўжо і жніво наступіла. І якія выпрабаванні падсцерагаюць штогод хлебаробаў! Сёлетняя вясна паспрыяла правядзенню работ, і сяўба была завершана ў лепшыя тэрміны. Але неўзабаве прырода паставіла падножку — засушыла так, што раслінкі зусім засмяглі. Не наліваўся колас, выгаралі травы. Калі хлебаробы ўжо гублялі на­дзею на ўра­джай, неба нарэшце злітавалася над імі і над прыродай і пралілося дажджамі. А потым яны зачасцілі так, што палі раскіслі ад пераўвільгатнення…

Канечне ж, такія перапады надвор’я адмоўна адбіліся на ўраджайнасці. Вось і ў ААТ «Камайскі-агра» не атрымліваюць таго намалоту, на які разлічвалі. Гэта, безумоўна, засмучае земляробаў, але яны, як заўсёды, шчыруюць у полі. Плошча зерневых і зернебабовых у гаспадарцы самая вялікая ў раёне — 2655 гектараў. На 1336 яны ўжо ўбраны. Жніво вядзецца 13 камбайнамі. Са шматгадовага вопыту ведаю, наколькі даражаць часам гаспадары гэтых машын, таму паехала да іх рана, пакуль на палетках яшчэ трымалася раса і яны не прыступілі да жніва. Ля майстэрні мягунскага аддзялення камбайнеры і вадзіцелі аглядалі сваю тэхніку, каб потым не было збояў у яе рабоце. Прывезла свежы нумар «Пастаўскага краю», і ўсе адразу ж зацікавілі­ся калонкай «Лідзіруюць на ўборцы». «О, колькі тут нашых! — радаваліся і ўслых зачытвалі: Сакалоў, Карыцька, Махонь, Шушкевіч, Пылінскі, Яцэвіч, Кеўліч, Кірплюк». Упэўнена, што да гэтых прозвішчаў дабавяцца і іншыя. Напрыклад, Дуброўскі. Вадзім з года ў год ідзе ў перадавіках раённага спаборніцтва камбайнераў, летась таксама намалаціў больш за тысячу тон. «Дык ён жа камбайнер у трэцім пакаленні, — адзначае бацька Дзмітрый Альфонсавіч. — Мой тата Альфонс Люцыянавіч яшчэ на СК-4 працаваў, і ў мяне камбайнерскі стаж 25 гадоў. Зараз ужо на пенсіі, але як застацца ў баку ад жніва? Вось і пайшоў памоч­нікам да Вадзіма».

Аператары зернесушыльнага комплексу Анатолій Валадзько і Мікіта Козыраў
Вадзіцелі Мустаф Радкевіч, Вацлаў Яцэвіч, камбайнеры Мікалай Падрэз і Андрэй Бучэль

Побач з камбайнерамі сельгаспрадпрыемства працуюць і гараджане. У адпаведнасці з рашэннем райвыканкама, ААТ «Камайскі-агра» інтэграваны з Пастаўскім малочным заводам. Прадпрыемства дапамагае гаспадарцы фінансамі, тэхнікай, кадрамі. На гэтым жніве на палеткі выйшлі два новыя магутныя камбайны бельгійскай вытворчасці «Нью Холанд» з 10,5-метровымі жняяркамі, якія набыў завод. Працуюць на іх завадчане Андрэй Сакалоў і Васілій Чабуранаў. Завод адкамандзіраваў на ўборачныя і корманарыхтоўчыя работы таксама Юрыя Жамойдзя, Уладзіміра Шырневіча, Алега Казакевіча, Ігара Гутара, а Генадзія Унтана і Івана Пучынскага — на ворыва глебы. Як і ў папярэднія гады, сеў за штурвал камбайна вадзіцель цэнтральнай раённай бальніцы Баляслаў Пылінскі.

У «Камайскім-агра» ўжо намалацілі 3575 тон збожжа. Усё яно дасушваецца і сарціруецца па відах на магутным зернесушыльным комплексе (можа прапускаць 30 тон за гадзіну), дзе ўсе работы аўтаматызаваныя. Адказнасць за яго работу ўскладзена на пецярых аператараў, якія працуюць пазменна. 469 тон збожжа новага ўраджаю ўжо зда­дзена дзяржаве.

На адных палях ідуць жніво і ўборка саломы, на другіх даспяваюць лён і кукуруза, а на трэціх ужо вядзецца ворыва пад ураджай-2019. Такі кругаварот сельгасработ, і гаспадары зямлі стараюцца паспяхова справіцца з усімі.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.