Лепшыя сезоны – наперадзе

Спорт

ФК «Лепель»—«Паставы-ПМЦ» — 5:2

У заключным матчы сезона пастаўчане ўсіх здзівілі, бо сапернікі чакалі, што яны не паедуць на сустрэчу ў Лепель, якая не мела ніякага турнірнага значэння. На гэты выезд зноў не ўдалося сфарміраваць аптымальны склад каманды, толькі ў абароне згулялі нашы лепшыя футбалісты. Госці выбралі правільную тактыку гульні другім нумарам, перыядычна праводзілі даволі небяспечныя контратакі. Лепяльчане, якім вельмі патрэбна была перамога, двойчы да перапынку правялі імклівыя камбінацыі і выйшлі наперад.

 Пачатак другога тайма ў маладых пастаўчан не атрымаўся, бо ў спёку яны падселі фізічна і прапусцілі яшчэ тры мячы ў свае вароты. Аднак да гонару нашай каманды, яна прадоўжыла барацьбу да канца і перавяла гульню на палову поля лепяльчан. Спачатку наш лепшы бамбардзір, 20-гадовы Максім Голубеў, выйшаў на ўдарную пазіцыю і паслаў мяч у верхні вугал. Канчатковую кропку ў гэтай сустрэчы паставіў зусім юны футбаліст Рыгор Кабяк, які па-майстэрску выкарыстаў выхад без перашкод на вароты фаварыта. Нягледзячы на чарговае паражэнне, годна згулялі супраць моцнага саперніка на выездзе Мацкевіч, Казлоў, Пучынскі (к), Голубеў, Міснік, Шнітко, Гіль, В. Дубін (Пурлан), Д. Зелянкевіч, Кабяк (Давідоўскі), Зарэцкі.

 Пастаўчане першымі завяршылі барацьбу ў абласным першынстве, гуляючы фактычна аднымі юнакамі ва ўзросце 15-17 гадоў. Ім цяжка было весці барацьбу на роўных з дарослымі камандамі. Аднак, як падкрэсліў галоўны трэнер Васіль Грантоўскі, галоўную задачу захаваць каманду яны выканалі, акрамя таго набраліся каштоўнага вопыту.

У гэтым туры чашніцкі “Алімп” заваяваў важнае ачко: згуляў на сваім полі з лікам 2:2 з ФК “Глыбокае”, а лідар, “Полацкгаз”, перамог (3:0) суседзяў з Міёр.

Палачане і глыбачане ўжо выйшлі ў фінальны раўнд чэмпіянату вобласці, а за астатнія дзве пуцёўкі вядуць напружаную барацьбу каманды Лепеля, Чашнікаў і Міёр. Ва ўсходняй групе “Б” чарговыя матчы завяршыліся так: “Славянскі Велес-Дзвіна” (Віцебск)— “Днепр” (Дуброўна) — 3:3, ФК “Шуміліна”—“Ніва” (Талачын) — 4:2, “Камунальнік” (Сянно)—“Дзецкасельскі” (Гарадок) — 1:4. У гэтай зоне сітуацыя заблытаная, бо пакуль толькі каманда Гарадка заваявала права прадоўжыць восенню барацьбу за медалі.

Уладзімір ШЫК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.