Манькавіцкая капліца

2018 год — Год малой радзімы Важное Общество

У Манькавічах, за ставам на рацэ Мядзелцы, на высокім узгорку, знаходзіцца радавая капліца-пахавальня Друцкіх-Любецкіх. Пабудаваная ў стылі позняга класіцызму, разам з сядзібай, што знаходзілася на супрацьлеглым беразе, утварала адзіны сядзібна-паркавы ансамбль.

Паводле некаторых звестак, узве­дзена ў другой палове ХІХ стагоддзя, калі Манькавічы перайшлі ва ўласнасць знакамітага роду Друцкіх-Любецкіх. Мястэчка на той час было багатае, шматлюднае, бо праз яго праходзіў старажытны шлях з Вільні ў Полацк. Лічыцца, што адной з першых у капліцы знайшла свой вечны спачын Элеанора Друцкая-Любецкая. Пліта ад яе надмагілля доўгі час ляжала пры дарозе на Сарочына, але гадоў дзесяць таму невядома куды знікла. Па ўспамінах старажылаў, пасля смерці князя Уладзіміра Друцкага-Любецкага яго цела таксама спачатку знаходзілася тут, але пазней было перавезена ў капліцу каля возера Варанец, якую для ўшанавання князя пабудавала яго жонка-францужанка.

Капліца ў 1910 г.
Манькавіцкая капліца ў 1965 годзе

Манькавіцкая капліца змуравана з бутавага каменя, мае два паверхі: верх­няя зала выкарыстоўвалася для малення і службы. Пад ёй быў склеп з нішамі-пахаваннямі. Адно з такіх пахаванняў датуецца 1870 годам. Памеры капліцы прыблізна 10х7 метраў.

Раней каля капліцы штогод ладзілася свята «Божага цела», на якое з’язджаліся ксяндзы і католікі з наваколля. На фэст збіралася шмат народу, ладзілася сцэна, працаваў гандаль. Але гэта ўсё ў мінулым. Зараз жа капліца знаходзіцца ў вельмі занядбаным стане: склеп з пахаваннямі разбураны, тынкоўка ў многіх месцах абвалілася, абрынуўся дах.

У 90-я гады была зроблена спроба адбудаваць капліцу, нават пастаўлены рыштаванні, але справа далей не пайшла. Так і стаіць зараз гэты невялічкі храм у акружэнні рэшткаў пачарнелых і сапрэлых дошак, чакаючы сваёй долі. А лес усё шчыльней бярэ капліцу ў палон…

Ігар ПРАКАПОВІЧ

 



1 комментарий по теме “Манькавіцкая капліца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.