Мілыя душы мясціны

2018 год — Год малой радзімы Общество

Прачытала ў «Пастаўскім краі» заметку Івана Сіманёнка «Сіманская тапаніміка» і вырашыла ў думках прадоўжыць падарожжа па мясцінах, якія ў дзяцінстве былі самымі блізкімі.

Пачну з Лавушкі. На гэтай ручаіне даўным-даўно быў самаробны мост, на якім леснікі лавілі людзей, што кралі лес. Гэта месца нельга было аб’ехаць, бо меўся адзіны выезд праз мост. Вось і Лавушка… Габраў ручэй злучае Казінец з Церлюковымі сенажацямі, якія прылягалі да Лучайкі. Як я памятаю, там заўсёды ўзвышаліся вялізныя стагі калгаснага сена. За ракой былі хутары. На Мікітавым сама некалькі разоў частавалася смачным бярозавым сокам. З хутара Малышавых дачка гаспадароў Клава хадзіла са мной у школу, Мацвей Архіпавіч Беспаленаў з аднайменнага хутара працаваў там настаўнікам. Яго родныя цяпер жывуць у Лучаі. Усе гэтыя хутары называліся Каралі. Уключалі яны і некалькі дамоў Собалевых, іншых гаспадароў. Непадалёк бярэ пачатак рака Лучайка. Амаль насупраць знаходзіцца востраў Выспа, акружаны Лучайскім возерам. Тут было вельмі многа гадзюк.

Іду далей уздоўж возера праз паўвостраў Падасінаўка (многа расло падасінавікаў), Падлыску (пасярэдзіне была гара, на якой нічога не расло — Лысая гара), Каменны астравок (на узгорку ляжала некалькі вялікіх камянёў). З правага боку на балоце — многа астраўкоў. Ельнік складаўся з трох частак, Барсуковы і Лісіныя норы, Чысцік і некалькі безыменных. І вось выходжу на вялікі Ганкевічаў хутар — Зубрынец, Вялікі Зубрынец, дзе стаяў дом, і Малы Зубрынец праз маленькую грэблю. Тут таксама былі барсуковы норы і Забаб’е. На хутары жылі Антось і яго жонка Ганэтка. Іх дзеці памерлі зусім юнымі, потым памерла і Ганэтка, і жыла ў доме прыслугай Вінцуля. Даўным-даўно іх няма на гэтым свеце, а назва Ганкевічаў хутар жыве і зараз.

Вяртаюся да Габрава ручая і іду ўздоўж Казінца да дзялкі Русалоўскага. Тут каля дарогі былі два курганы. Казалі, што там пахаваны нямецкія салдаты. Цяпер курганы непрыкметныя. Справа засталася другая Лавушка. Праз пратоку (грэблю) выходжу на Жэнін хутар (Зубрынец-1). Жэня выйшла замуж за багатага хутараніна, які меў 70 гектараў зямлі і вялікі дом з прыбудовамі на два канцы. Аднак ён рана пайшоў з жыцця, потым памерла і свякроўка, а жанчына так і засталася жыць у лесе: сыночку Колю было дзевяць, а дачцэ — толькі годзік. Вось гэтай дзяўчынкай і была я. Жэня — мая мама.  На хутары прайшло маё дзяцінства і пачатак юнацтва. Ужо даўно яе няма ў жывых, а людзі і цяпер едуць сюды ў грыбы і ягады. Там усё зарасло лесам, засталося некалькі яблынь і сляды ад дарог, а таксама месца, дзе была крыніца.

Вось Выдранік, дзе расло многа баравікоў, Владзюкова дзялка, перакоп і Марылін хутар (цяпер ён знаходзіцца каля самага асфальту), а далей — хутар Зубава, на якім жылі Емельяновічы (іх родныя цяпер у Паставах). За вёскай Зенькава хутар Каменка, на якім гаспадарылі Мікадзім і Ювіналій Пронькі (родныя жывуць у Гаўрылавічах і Лучаі). На хутары Лаўрынова жылі Мальцы. Ад усіх гэтых калісьці населеных мясцін засталіся толькі назвы.

А цяпер прайду сваім маршрутам з Жэнінага хутара ў Лучайскую школу, якой таксама няма. Выходзіць з дому трэба было вельмі рана. У Гаўрылавічы прыходзіла, калі людзі яшчэ толькі запальвалі лямпы. Заходзіла да сяброўкі Уладзіславы Танана, якая толькі садзілася снедаць. Цёця Марыля і дзядзька Балюк заўсёды частавалі чаем і запрашалі на сняданак за кампанію з дачкой. Часлава Танана таксама мая сяброўка. Яе бацьку звалі Юлюк, а мачаху — Зіна. Софія Вештарт заўсёды запрашала мяне адпачыць. Яе бацькі — дзядзька Іван і цётка Шура. І цяпер памятаю дабрыню бацькоў маіх сябровак. Яны ставіліся да мяне як і да сваіх дзяцей. Вечны ім спакой. З Гаўрылавіч мы ўжо вялікім гуртам ішлі ў школу. Было весела, і дарога здавалася блізкай. Часам мы яе скарачалі, ідучы праз Звярынец.

Лучайская васьмігодка… Як мне хацелася наведваць яе! Такія добрыя там вучылі настаўнікі. Дырэктарам у той час быў Васілій Аляксеевіч Буланаў, потым — Станіслаў Валяр’янавіч Кажарновіч, які выкладаў гісторыю. Яго жонка Лідзія Сяргееўна працавала з пачаткоўцамі. Наша першая настаўніца — Марыя Феліксаўна Дамарацкая (Каралёнак). Класным кіраўніком у пятым класе стала Лілія Лаўрэнцьеўна Сідукова (Працук). Яна выкладала матэматыку, Антаніна Арка­дзьеўна Стоцік (Асяненка) — хімію і біялогію, Таццяна Якаўлеўна Ігнацьева — беларускую мову і літаратуру. Сястра паэтэсы Еўдакіі Лось Марыя Якаўлеўна вучыла нас рускай мове і літаратуры. Рышар Мікалаевіч Працук вёў фізіку. Зоя Вацлаваўна Сініца працавала ў нас нядоўга.

За першай партай сядзелі мае аднакласнікі Аляксандр Вештарт і Аляксандр Карпіёнак. За імі — Казімір Сініца і Фадзей Літвінёнак. Далей — Марыя Шакола і Софія Танана, Іван Мелец і Алістрат Сямёнаў, Мечыслаў Падгайскі, Ягор Субко і Генадзь Размазаў.

Як хочацца зноў вярнуцца на сваю малую радзіму…

Софія ВАЙЦЯХОВІЧ, г. Паставы



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.