На сушылцы і складзе

Важное Сельское хозяйство

Мацвей Курашэвіч, Дзяніс Бондар і Антон Жвярэла займаюцца ачысткай зерня на складзе ў Савічах

44 байцы студэнцкіх атрадаў у складзе навучэнцаў школ горада і раёна, гімназіі і дзяржаўнага каледжа дапамагаюць сёлета хлебаробам Пастаўшчыны ўбіраць вырашчаны ўраджай.

11 чалавек працуюць памочнікамі камбайнераў у ААТ “Хацілы-агра”, 18 заняты там жа на дасушванні збожжа. Яшчэ 15 хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце 14-15 гадоў даводзяць зерне да кандыцыі на зернесушыльных комплексах ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, размешчаных у вёсках Савічы, Юнькі і Шыркі. Праўда, на момант майго візіту ў гэту гаспадарку — а прыехала я ў панядзелак раніцай — работа на юнькаўскай і шыркаўскай сушылках была ўжо завершана. Набліжалася яна да фінішу і ў Савічах. Яно і не дзіўна: працоўны семестр для моладзі пачаўся 23 ліпеня.

Пад’язджаю да зернясклада ў названай вышэй вёсцы. Тут пад наглядам яго загадчыцы Наталлі Дварко чысцяць зерне тры хлопцы. Знаёмімся: навучэнец СШ №3 Мацвей Курашэвіч, гімназіст Дзяніс Бондар і прадстаўнік СШ №2 Антон Жвярэла. У гэты дзень ім выпала працаваць у першую змену — з васьмі гадзін раніцы да дзвюх дня. Пасля абеду “на вахту” заступіць другая група ў складзе чатырох чалавек — трох хлопцаў і дзяўчыны, якія закончаць сваю змену ў восем вечара.

Работай студатрадаўцаў Наталля Пятроўна задаволена. Кажа, што сярод іх няма лайдакоў, усе стараюцца, бо галоўны стымул — магчымасць зарабіць. За дзень выходзіць у сярэднім 10-12 рублёў на кожнага, што цалкам задавальняе маладых людзей. У асноўным яны занятыя на зернесушылцы: разраўноўваюць прывезенае з палёў збожжа, падсушваюць яго, затым дапамагаюць загрузіць у машыну, якая адвозіць ураджай на склад. Калі няма работы на сушылцы, маладыя памочнікі займаюцца ачысткай насення на складзе.

У цэлым праца нялёгкая: пыл, цяжка фізічна, асабліва калі вывозяць зерне з сушылкі. Тады даводзіцца падкідваць яго лапатамі з бакоў у цэнтр, каб “Амкадор” мог зачэрпнуць каўшом і загрузіць у МАЗ. Але на цяжкасці хлопцы не скардзяцца. На працягу змены робяць невялічкія, 15-хвілінныя, перапынкі, каб крыху адпачыць. Да таго ж наперадзе яшчэ два тыдні канікулаў. Можна паспець аднавіць сілы перад новым навучальным годам.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара