Нам хораша быць разам

Общество

Праязджаючы ў Варапаеве па вуліцы Ленінскай у бок Гуты, заўсёды звяртаю ўвагу на дагледжаныя асабнякі і мноства раскошных кветак ля іх. У той раз не ўтрымалася, каб не сфатаграфаваць квітнеючыя двары. Але гаспадароў дома не аказалася. І тут жанчына, што праходзіла міма, заўважыла: «У гэтых дамах жывуць камерсанты. Чаму б ім не ствараць прыгажосць, калі маюць грошы? А вы праедзьце далей і загляніце да Янушаў. Такога багацця, як у камерсантаў, у іх няма, але якія парадак і акуратнасць паўсюль!»

Адчыняю вароты па падказаным адрасе, і мяне звонкім брэхам сустракае цудоўнае стварэнне пароды рускі экстэр’ер. Як аказалася, Тоша — не толькі забава для ўсёй сям’і, але і заўзяты вартаўнік дома — чужака на тэрыторыю не пусціць. Ну а самае вялікае сяброўства ў Тошы з Клімам — малодшым сынам Вікторыі і Анатолія Януш. Абодва — гарэзы яшчэ тыя! Клім з задавальненнем пазіраваў мне ля куста кветак, на арэлях і нават у лужыне, стоячы ў ёй у вялізных для яго ножак татавых сланцах, што вельмі радавала малога. Cтарэйшы брат Яша толькі стрымана ўсміхаўся, назіраючы за «фотасесіяй».

Яшу 15 чэрвеня споўнілася шаснаццаць. Дзень нараджэння прайшоў шумна і весела. Сабралася шмат сяброў, і імяніннік зусім не адчуваў сябе адрозным ад іх. Хлопчык вельмі кампанейскі. Разам з сябрамі стаў нават на ФАК хадзіць. Шмат кантактаў у яго і ў «Аднакласні­ках». Любіць з дзядулем ездзіць на рыбалку. Марыў убачыць мора, і летась яго мара збылася — разам з мамай і татам адпачываў у Затоцы. Уражанні засталіся незабыўныя.

— Мы ніколі не акцэнтавалі ўвагу на Яшавай асаблівасці (у хлопчыка гідрацэфалія і тэтрапарэз трэцяй ступені — аўт.), — расказвалі бацькі. — Выхоў­валі як звычайнае дзіця. Так, па стане здароўя ён не можа хадзіць у школу, знаходзіцца на надомным навучанні, але праграму засвойвае паспяхова. Як і яго равеснікі, перайшоў у дзявяты клас. Асабліва любіць беларускую мову і літаратуру.

Напэўна, заслуга ў гэтым не толькі школьнага педагога, але і мамы. Вікторыя закончыла Ві­цебскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». Працавала спачатку ў Гуцкай, затым у Варапаеўскай СШ. Пасля нараджэння Яшы з-за яго інваліднасці вымушана была пакінуць работу і цалкам прысвяціць сябе сыночку. Другое дзіця з’явілася ў сям’і толькі праз трынаццаць гадоў. Розніца ва ўзросце паміж Якавам і Клімам вялікая, але гэта не перашкаджае ім сябраваць, што, канечне ж, радуе бацькоў.

— Мы стварылі свой свет, трымаемся сям’і, і нам усім хораша быць разам, — дзяліўся Анатолій. — Калі падрос Яша, стала неяк сумнавата. А з нара­д­жэннем Кліма ў дом вярнулася дзяцінства. Зараз у нас зноў цацкі, самакаты, мячы, мульцікі… Добра і тое, што праз тры дамы ад нас жывуць бацькі Вікі. У Варапаеве і мая мама. Яны наведваюцца да нас, дапамагаюць, мы — да іх. Вось і сёння збіраемся да мамы на 75-гадовы юбілей. А 3 жніўня спаўняецца тры гады Кліму.

Лета багатае для Янушаў на дні нараджэння і гасцей — вельмі любяць прыязджаць да іх на адпачынак родныя і сваякі з Наваполацка і Гродна. І гэта не стамляе Вікторыю і Анатолія, бо яны вельмі гасцінныя. А яшчэ — руп­лівыя гаспадары. Перад домам я ўбачыла акуратна скошаны газон, кветнікі, дагледжаныя градкі агародніны, у доме — сучасныя мэблю і інтэр’ер, чысціню і парадак. Віка штогод робіць мноства нарыхтовак на зіму.

— Клопатаў хапае, — гаварыла маладая гаспадыня. — Ні Толя, ні я ніколі не сядзім без справы. Хіба што цяпер, калі ён у водпуску (Анатолій працуе электраманцёрам у Віцебскай дыстанцыі электразабеспячэння — аўт.), можам дазволіць сабе даўжэй паспаць.

Хто мае ўласны дом, ведае, колькі ў ім і ля яго работы. Для Вікі і Анатолія Януш усе гаспадарчыя справы ў радасць, бо яны на карысць сям’і.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.