Наша Святлана – лепшая!

Главное Здравоохранение

Пераможца конкурсу Святлана Квяткоўская з дачушкай Палінай

Старшая медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення 1-га ваеннага шпіталя Святлана Квяткоўская заняла першае месца ў аглядзе-конкурсе «Лепшы па прафесіі» сярод сярэдняга медыцынскага персаналу органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. 

Конкурс праводзіўся ў мінулыя чацвер і пятніцу ў Паставах. У ім удзельнічала шэсць медсясцёр: Святлана Квяткоўская, Марына Шапка, Вікторыя Сергяйчук, Наталля Міхайловіч, Юлія Коцік, Ганна Карачан, якія прадстаўлялі адпаведна ваенны шпіталь, воінскія часці 1242, 2187, 2044, 2034, 2141. Журы ўзначаліў начальнік ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, палкоўнік медыцынскай службы Алег Чабатароў. Акрамя таго, працавала падліковая камісія. Не бяздзейнічалі і гледачы — суперажывалі канкурсанткам, падтрымлівалі іх апладысментамі, а напрыканцы конкурсу, пакуль падліковая камісія падлічвала галасы, адказвалі на пытанні медыцынскай тэматыкі, якія агучвалі вядучыя, і тыя, хто першымі спраўляліся з гэтым, атрымлівалі невялічкія прызы. Святочную атмасферу стваралі ярка ўпрыгожаная сцэна раённага Дома культуры, абаяльныя вядучыя Марына і Андрэй Кучынскія, удзельнікі мастацкай самадзейнасці шпіталя Мікалай Воўк, Жанна Дзехцяронак, Аляксандр Карповіч.

Удзельніцы конкурсу з начальнікам ваеннага медыцынскага аддзела дзяржпагранкамітэта Рэспублікі Беларусь Алегам Чабатаровым і начальнікам 1-га ваеннага шпіталя Сяргеем Півенем (справа)

Найбольшае напружанне перажывалі, канешне ж, канкурсанткі. Конкурс праводзіўся ў шэсць этапаў. Днём раней на базе 1-га ваеннага шпіталя яны дэманстравалі свае прафесійныя веды шляхам камп’ютарнага тэсціравання, а таксама аказвалі неадкладную медыцынскую дапамогу (заданні ўказваліся ў білетах). Але вынікі першых двух этапаў пакуль не агучваліся. І вось трэба пераадолець яшчэ чатыры этапы. Першы з іх, па традыцыі, — візітная картка. Дзякуючы фота- і відэаматэрыялам, а таксама расказам саміх удзельніц, журы і гледачы даведаліся пра іх жыццёвы шлях, прафесійныя будні, сем’і, захапленні і многае іншае. У бліц-тур­ніры “Санітарна-супрацьэпідэмічны рэжым” кожная выцягвала білет з пяццю пытаннямі. Вядучы зачытваў кожнае — і трэба было імгненна даць адказ. Атрымлівалася не ва ўсіх. Напэўна, перахваляваліся. А вось пастаўчанка Святлана Квяткоўская справілася з заданнем бліскуча, і зала адрэагавала дружнымі апладысментамі. Чарговы этап — накладанне на галаву пацыента павязкі “Чапец”(ацэньваліся хуткасць і якасць). І зноў наша Святлана — лідар.

Уладальніца прыза глядацкіх сімпатый Ганна Карачан

Паколькі конкурс прысвячаўся Году малой радзімы, то яго лагічным завяршэннем стала дэманстрацыя дамашняга задання на тэму: “Хараство малой радзімы. Край, дзе нарадзіўся і жыву”. Асабіста мне гэты этап спадабаўся найбольш. Канкурсанткі ў вершах, эсэ, відэаматэрыялах, песнях і нават танцах з замілаваннем расказвалі пра куточкі Беларусі, якія сталі для іх роднымі і дарагімі, — Полацк, Смаргонь, Брэст, Гомель, Гродна. Не магу ў чарговы раз не адзначыць Святлану Квяткоўскую. Яе дамашняе заданне, а яно, натуральна, прысвячалася Паставам, атрымалася не толькі прыгожым і кранальным, але і найбольш інфармацыйна насычаным.

 Перад тым, як аб’явіць вынікі конкурсу, старшыня журы Алег Чабатароў падзякаваў яго ўдзельніцам за прафесійныя веды, талент і смеласць, адзначыў, што ўсе прадэманстравалі высокі ўзровень, а калі штосьці не атрымалася, то гэта з-за вялікага хвалявання. Першае месца, прычым з вялікім адрывам ад астатніх, заняла Святлана Квяткоўская, другое прысуджана Вікторыі Сергяйчук (в/ч 2187), трэцяе — Марыне Шапка (в/ч 1242).

 Алег Чабатароў уручыў пераможцам дыпломы, а начальнік 1-га ваеннага шпіталя Сяргей Півень — памятныя падарункі. Урачы шпіталя Рэнат Рахметулаў і Іаланта Кустрэй агучылі, каму дастаўся прыз глядацкіх сімпатый (а гэта Ганна Карачан) і ўручылі яго канкурсантцы.


Святлана Квяткоўская: “Вельмі хвалявалася і бясконца рада, што перамагла. Усе саперніцы былі дастойныя, узровень падрыхтоўкі кожнай — высокі. Вялікае дзякуй камандзіру Сяргею Півеню, галоўнай медсястры Анастасіі Рагіня і мастацкаму работніку шпіталя Юліі Запольнай за дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу. Гэта наша агульная перамога”.

Фаіна Касаткіна
Фота Уладзіміра Калібатава

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.