Не толькі ўбраць, але і захаваць

Сельское хозяйство

Васілій Грынько

Гарадскія вуліцы пусцелі, а я разам з начальнікамі аддзела землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аленай Іваньковай і дзяржнасенінспекцыі Святланай Цімафеевай, старшым дзяржаўтаінспектарам аддзялення ДАІ РАУС Андрэем Цымбалюком і старшым інспектарам РАНС Васіліем Грынько адпраўлялася ў начны рэйд.

— Такія рэйды праводзяцца згодна з распараджэннем райвыканкама на працягу ўсяго жніва, — расказвала Алена Вітальеўна. — Усім вядома, колькі сіл і сродкаў затрачваецца на вырошчванне хлеба, яго ўборку. Але недастаткова ўбраць збожжа з поля, яго трэба высушыць, ачысціць і захаваць. Не ўсё і не ўсюды бывае гладка. Таму і ладзім праверкі, высвятляем недахопы.

— Пры аптымальным рэжыме сушкі адбываецца фізіялагічнае даспяванне зерня, — тлумачыла Святлана Мікалаеўна, — знішчаюцца шкоднікі, павышаецца якасць, зніжаецца ўтрыманне ў ім вільгаці. Сухое зерне доўга захоўваецца. Паколькі гэта адзін з самых пажаранебяспечных працэсаў, у складзе рэйдавай групы пастаянна бывае прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Важным з’яўляецца захаванне працоўнай дысцыпліны. Яе і будзе кантраляваць дзяржаўтаінспектар.

За размовамі дабіраемся да першага пункта праверкі — зернесушылкі ў груздаўскім аддзяленні АБП «Рассвет Пастаўскі». Спецыялісты лёгка арыентуюцца ў змроку і хутка разыходзяцца ў розныя месцы: Васілій Грынько правярае тэрмін прыгоднасці вогнетушыцеляў, а Андрэй Цымбалюк літаральна праз некалькі хвілін прыводзіць аператара і па тэлефоне выклікае нарад міліцыі — работнік знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Вартаўнік, падышоўшы, спрабуе абараніць калегу, маўляў, не п’яны ён, толькі з пахам алкаголю, хай застанецца на рабочым месцы, бо хто будзе сачыць за працэсам сушкі. Але дзяржаўтаінспектар праз пэўны час перадае вінаватага супрацоўнікам міліцыі. Алена Іванькова гэтым часам па тэлефоне звязваецца з кіраўніком аддзялення Ігарам Туронам, і той тэрмінова шукае замену. Васілій Грынько звяртае ўвагу на тое, што парадак на тэрыторыі складоў пакідае жадаць лепшага.

Аляксандр і Славамір Мальцы

Наступны прыпынак — ля зернесушыльнага комплексу ў Дунілавічах. На яго тэрыторыю праехаць не ўдаецца: на ўездзе — шлагбаум. За ім ярка гарыць святло, нягледзячы на поўнач, гудзяць маторы. Першым сустракае вартаўнік. Накіроўваемся да комплексу. Прыемна было сустрэць аператара Аляксандра Мальца. Ён працуе разам з бацькам Славамірам Бенядзіктавічам. Будучы некалькі дзён таму ў гаспадарцы, чула ад кіраўніцтва добрыя водгукі пра работу як гэтага сямейнага экіпажа, так і другога — у складзе Аляксандра Казловіча і Яўгенія Генюша. Аператары ідуць у лідарах сярод сваіх калег з іншых гаспадарак, забяспечваюць парадак на зернесушыльным комплексе.

— Жніво — пара наколькі гарачая, настолькі і вогненебяспечная, — гаварылі інспектары, правяраючы наяўнасць пярвічных сродкаў пажаратушэння. — Адна выпадковая маленькая іскра можа прывесці да вялікіх страт. Таму пытанне пажарнай бяспекі — на першым месцы.

У Дунілавічах ва ўдзельнікаў рэйдавай групы прэтэнзій да работы зернесушыльнага комплексу не ўзнікла. Як вядома, дзе парадак, там ра­дзей узнікаюць здарэнні. А трагедыю ўсё ж лягчэй папярэдзіць.

Пакідаем вёску. Яна адпачывае, і толькі на зернесушыльным комплексе па-ранейшаму бесперапынна кі­піць работа.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.