Па слядах продкаў

Культура

Гэтым летам група вернікаў-аднадумцаў на веласіпедах адправілася з Пастаў у Вільнюс, да цудоўнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай. Такім шляхам некалі хадзілі нашы бабулі і дзядулі: са святаром і без яго, у пілігрымках і асобна. Як расказваў мой тата, з Варапаева і бліжэйшых вёсак на дарогу затрачвалі тры дні, з Нарачы паспявалі за адзін. Ішлі, звычайна, босыя, бо абутак тады вельмі шанавалі. На начлег спыняліся ў людзей.

Па слядах сваіх продкаў адправіліся і мы. Праўда, кароткім шляхам не паехалі: для веласіпедаў патрэбна добрая дарога. Наша група складалася з лю­дзей сярэдняга ўзросту, моцных духам і верай, што Маці Божая будзе апекавацца над намі.

Першы вялікі прыпынак зрабі­лі ў камайскім касцёле Яна Хры­с­ціцеля. Ксёндз-пробашч Яцэк Хутман цікава расказаў пра храм і тую велізарную работу, якая тут праводзіцца. Яшчэ паўтары га­дзіны — і мы ў Лынтупах. За плячыма крыху больш за 40 кіламетраў. У доме для моладзі сястра-манахіня Разана падрыхтавала нам цёплы душ і спальныя месцы.

96 кіламетраў прыпадала на наступны дзень. Спачатку адно за адным круцілі педалі па гравійцы, на ажыўленай трасе разбіліся на групы і ехалі з інтэрвалам у 3 хвіліны. Вялікі прыпынак і абед чакалі нас у Міхалішках. Касцёл у гэтай вёсцы знакаміты тым, што ў той час, калі паўсюдна закрываліся храмы, тут людзі стаялі днём і ноччу жывой сцяной і не далі яго закрыць. Граніцу ў Катлоўцы прайшлі вельмі хутка. Пагранічнікаў здзівілі такія адчайныя веласіпедысты, і яны пажадалі нам шчаслівага шляху. Шумнымі вулі­цамі, шматлікімі адпачывальнікамі, прыгожымі кавярнямі, дэкарыраванымі жывымі кветкамі, пад вечар сустрэў Вільнюс. Не перадаць пачуццяў, якія перажылі ля капліцы з абразом. Мы прыехалі да Маці! Яна нам дапамагла, і мы здолелі!

На наступны дзень — пешая экскурсія па горадзе: вежа Гедыміна, царква, дзе ляжаць мошчы трох пакутнікаў — першых місіянераў, якіх замучылі язычнікі, кавярня са смачнымі пірожнымі, шматлікія касцёлы. Кульмінацыйным момантам стала наведванне Вострай брамы, дзе перад цудадзейным абразом маліліся ў цішыні. І не толькі за сябе і сваіх родных, але і за ўсю Беларусь, за хворых, каму цяжка і каму асабліва патрэбна дапамога Маці Божай.

Пасля абеду адправіліся дадому: 30 кіламетраў да граніцы на веласіпедах (гэты адрэзак шляху быў найбольш цяжкім, бо ногі яшчэ не адпачылі), далей — на мікрааўтобусе. За тры дні мы пераадолелі 170 кіламетраў.

Бязмежна ўдзячныя Юрыю Дзіковічу, які вёз на мікрааўтобусе нашы рэчы, дапамагаў, а таксама ўсім, хто натхняў і маліўся за нас у гэтыя дні.

Аліна ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.