Прыбралі на ваенных могілках

Общество

Пагранічнікі і работнікі музея наводзяць парадак на месцы пахавання нямецкіх салдат у Мольдзевічах

Ужо другі па ліку выезд з мэтай добраўпарадкавання гістарычных мясцін Пастаўшчыны ажыццявілі ў мінулую пятніцу работнікі раённага краязнаўчага музея і ваеннаслужачыя аддзялення пагранічнага кантролю «Мольдзевічы» пагранкамендатуры «Паставы».

А пачалося ўсё з цеснага сяброўства музейных работнікаў і пагранічнікаў, вынікам якога стаў шэраг сумесных мерапрыемстваў. І вось вясной гэтага года ва ўстанову культуры звярнуўся намеснік начальніка АПК “Мольдзевічы” па ідэалагічнай рабоце капітан Андрэй Залатароў. Ён прапанаваў у рамках Года малой радзімы правесці разам акцыю пад назвай “Вялікая ўборка малой радзімы” па добраўпарадкаванні якога-небудзь гістарычнага аб’екта або помніка архітэктуры.

— Зразумела, мы адгукнуліся, — расказвала дырэктар музея Таццяна Гарошка. — Абмеркавалі, што можам прапанаваць, выбралі сядзі­бу знакамітага земляка — мастака Альфрэда Ромера — “Каралінова” на Камайшчыне і ў адзін з дзён разам з ваеннаслужачымі выехалі на ўборку тэрыторыі вакол яе. Паездка атрымалася карыснай і цікавай як для нас, так і для пагранічнікаў. І нядаўна Андрэй Залатароў зноў патэлефанаваў з прапановай выехаць яшчэ на нейкія аб’екты. Мы з радасцю яго падтрымалі.

На гэты раз выбралі маршрут уздоўж вёсак Мольдзевічы, Ярэва, Свілэлі і Вілейты, дзе шмат пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны, 100-годдзе заканчэння якой будзем адзначаць сёлета. У дарогу адправіліся сама дырэктар музея, навуковы супрацоўнік па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Марыя Лапцінская (яна ж распрацоўвала маршрут) і два маладыя спецыялісты — нядаўнія выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Валянціна Друзь і Кацярына Куракова. З боку ваеннаслужачых прыняць удзел у акцыі вырашылі Андрэй Залатароў, яго калегі па АПК “Мольдзевічы” старшы тэхнік Андрэй Трацяк, тэхнік Андрэй Варашкевіч і намеснік начальніка змены Юрый Адамчук. Мужчыны ўзялі з сабой косы і сякеры, жанчыны — граблі і мётлы.

Па дарозе Т. Г. Гарошка расказвала, па якім маршруце едуць, з чым звязаны гэтыя мясціны. Прыводзіла гістарычныя звесткі пра падзеі Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне і месцы пахаванняў нямецкіх і рускіх салдат, на якіх наводзілі парадак: абкошвалі, вырывалі траву на магілах і г.д. У Вілейтах удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць ваеннаслужачых і журналістаў, якія загінулі 7 гадоў назад падчас па­дзення верталёта, прыбралі вакол мемарыяла, устаноўленага на месцы крушэння.

— Работу па ўборцы малой радзімы мы будзем працягваць, — зазначыла кіраўнік установы культуры. — Ужо намецілі новы маршрут, які праляжа праз вёскі Дварчаны і Лапуці.

Алена ШАПАВАЛАВА