Прыклад сыну

Сельское хозяйство

Генадзій Шушкевіч з ААТ «Камайскі-агра» за штурвалам камбайна сёлета быў восьмы сезон, а яго «Ліда» працуе на жніве пяты. Як прызнаецца механізатар, адзін год быў зусім няўдалы — камбайн прастаяў на рамонце, летась у рабоце вельмі перашкаджалі дажджы, а вось сёлета ўсё складалася найлепшым чынам. Праўда, ураджайнасць ніжэйшая, чым у мінулыя гады, тым не менш ён намалаціў 803 тоны збажыны і трапіў у лік лідараў раённага спаборніцтва.

 «Я таксама буду камбайнерам!» — упэўнена заяўляе Яраслаў, васьмігадовы сын Генадзія Віктаравіча. Для хлопчыка не было большай радасці, чым падысці да татавай магутнай машыны, паглядзець, як ён рыхтуе яе да работы, і найвялікшае засмучэнне, што тата не дазваляў разам з ім убіраць ураджай. Нічога не зробіш — і старэйшаму, і малодшаму Шушкевічам даводзіцца падпарадкоўвацца строгім патрабаванням Правілаў тэхнікі бяспекі.

Фаіна КАСАТКІНА