Сюды хочацца вярнуцца

Важное Общество

Дзякуючы маім землякам, якія цяпер жывуць у Маскве, нядаўна пабывала ў адной аграсядзібе, размешчанай у нашым раёне. Правесці дзесяць дзён водпуску на Пастаўшчыне масквічы пажадалі далей ад гарадской мітусні і бліжэй да дзікай прыроды.

Доўга займалася пошукам, прапаноўвала ім розныя варыянты. Урэшце яны выбралі «Кантры», якая ўваходзіць у аграэкатурыстычны комплекс «Ecoclub.by», што на Лынтупшчыне.

Абуладкаваліся там на 10 дзён. А ў выхадныя запрасілі ў госці сваякоў і сяброў, каб разам вярнуцца ў далёкія гады дзяцінства, якое прайшло на адным з хутароў нашага раёна. Задавальненне атрымалі не толькі ад прыемных успамінаў, але і ад сядзібы.

— Гэта тое месца, пра якое мы марылі, — гаварылі масквічы. — Прырода — захапленне, паветра — крыштальна чыстае, умовы для пражывання — самыя што ні ёсць камфортныя. Сапраўдная беларуская экзотыка і еўрапейскі ўзровень арганізацыі сэрвісу.

На тэрыторыі сядзібы два камфартабельныя гасцявыя домікі. У адным з іх вялікая шыкоўная руская лазня з натуральнай ліпы. Выйшаўшы з парылкі, можна адразу паплаваць у закрытым басейне з падагрэвам, паляжаць на канапе, а затым папіць чаю ў прасторнай зале, дзе ёсць плазменны тэлевізар, або пасмажыць на мангале шашлык. Для адпачынку ёсць некалькі спальных пакояў на 2-3 чалавек (усяго 7 месц). Мэбля — шафы, ложкі, камоды, сталы, крэслы і іншае — з натуральнай драўніны і ручной работы. Тэкстыль на вокнах гарманічна спалучаецца з пасцельнай бялізнай з лёну.  На сценах — карціны, напісаныя пастаўскім мастаком Сяргеем Гарошкам, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця.

У гасцявым доміку могуць размясціцца 10 чалавек. Для пастаяльцаў кожнага пакоя — асобны санвузел, душавая кабінка. Ва ўтульнай гасцінай — камін. Ёсць тэлефон, працуе Wi-Fi і мабільная сувязь. Устаноўлены тэнісны, більярдны сталы. Знойдзецца занятак і дзецям — для іх абуладкаваны горкі, батуты.

Гаспадар сядзібы Аляксандр Марушка прапанаваў нам экскурсію яшчэ ў дзве сядзібы — “Паляўнічую” і “Рыбацкую”. У кожнай інтэр’ер адпавядае назве. У першай — чучалы галоў звяроў, у другой — вялікай рыбы, качак, рыбацкія сеткі на сцяне. На дагледжанай тэрыторыі — акуратныя газоны, для аздаблення — кветкі. Вельмі прыгожа вечарам, калі па перыметру ўключаецца рознакаляровая падсветка. Здзівіліся, што днём не дакучаюць авадні і мухі, вечарам — камары. Аказваецца, для насякомых устаноўлены спецыяльныя лавушкі.

У гэтых сядзібах мноства сюжэтаў зрабіў вядомы расійскі тэлежурналіст, аўтар і вядучы перадач пра рыбалку і паляванне Сяргей Астахаў. Усе тры аграсядзібы карыстаюцца фантастычнай папулярнасцю. Асабліва аблюбавалі яе замежныя турысты. Прыязджаюць рамантычныя пары, сем’і, вясёлыя кампаніі і аматары класічнага турызму. З якіх толькі краін тут ні адпачывалі госці! Гартаю кнігу водгукаў.

“Падарожнічаю шмат. Асабліва люблю месцы “з душой”. “Кантры” — такое і ёсць. На яе тэрыторыі расце вялікая лістоўніца, якой больш за 200 гадоў”.

“Сябры запрасілі на хутар. Цяжка перадаць, што я пад ім падразумявала. Але якім было здзіўленне, калі на прасторным кветкавым полі, размешчаным унутры лесу на беразе маленькага, але прыгожага возерца, убачыла два дамы з тоўстага дрэва (адзін аказаўся лазняй). Адпачынак тут быў супер!”.

“Інтэр’ер адной з гасціных мне нагадаў казку пра трох мядзведзяў: вялікі стол з такімі ж масіўнымі крэсламі, кухня — з дрэва. Ва ўсім адчуваецца добры густ гаспадара: панарамныя вокны, вяровачны пераплёт бярвення, камін на дрывах”.

Выказванняў можна прыводзіць мноства. Але ні імі, ні нават здымкамі не перадаць  прыгажосці і ўтульнасці, якія створаны ў аграсядзібах. Асобна трэба сказаць пра харчаванне. Вам прапануюць стравы на любы густ: дранікі, рыбу, блінчыкі, баварскія каўбаскі, рулет з рулькі, клёцкі, фарфале пад баланьезе і многае іншае.

Вяселлі і юбілеі можна ладзіць у вялікім прыгожым шатры. Яго афармленнем, дэкорам і ўпрыгожваннем па вашым жаданні зоймецца фларыст.

Але найперш гэта месца для тых, хто стаміўся ад мітусні і гарадскога гоману, каму хочацца цішыні. Прыгажосць некранутай прыроды і камфортныя ўмовы пражывання адновяць сілы, прыдадуць пазітыву. Шыкарна пагуляць тут з сябрамі, паспяваць караоке, палавіць рыбу ў штучным вадаёме, пакатацца на лодках. Рэлакс гарантаваны! Тэл. 8(029)707-22-77.

Анна АНІШКЕВІЧ