Старанная праца заслугоўвае высокай адзнакі

Главное Сельское хозяйство

Іван Вазміцель уручае падарункі Васілію Бароўку

у гэтым  упэўнены  старшыня  Віцебскага  абласнога  аб’яднання  прафсаюзаў  Іван  Вазміцель

У мінулы аўторак ён наведаў наш раён. І найперш накіраваўся ў Кураполле. Увага зразумелая, бо І. К. Вазміцель з’яўляецца дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў па Шаркаўшчынскай выбарчай акрузе №37. У яе склад уваходзіць і тэрыторыя Курапольскага сельсавета.

— Я прыехаў для таго, каб сустрэцца са сваімі выбаршчыкамі, падзякаваць за галасы, якія яны аддалі за мяне падчас выбарчай кампаніі, — гаварыў Іван Канстанцінавіч. — Таксама хачу даведацца, як жывуць вяскоўцы, што іх хвалюе. А ад імя абласнога аб’яднання прафсаюзаў ушанаваць тых, хто ў гэтыя летнія гарачыя дні найбольш рупліва ўбірае вырашчаны ўраджай.

На прыём, які ладзіўся ў памяшканні Курапольскага сельскага Савета, прыйшлі тры чалавекі. Яны ўздымалі пытанні, якія датычаць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, медыцынскага абслугоўвання, абуладкавання ў аграгарадку дзіцячай пляцоўкі. Іван Канстанцінавіч уважліва выслухаў наведвальнікаў, паабяцаў унікнуць у іх праблемы і па магчымасці аказаць садзейнічанне ў вырашэнні.

Затым ён падарыў мясцовай бібліятэцы кнігі з сямейнай бібліятэкі. А пасля разам са старшынямі раённага аб’яднання прафсаюзаў Інай Далецкай і Курапольскага сельскага Савета Мікалаем Яльчыкам накіраваўся на машынны двор ААТ «Кураполле-агра» да аднаго з найлепшых камбайнераў гаспадаркі Васілія Бароўкі.

— Звычайна, прэміруюць тых, хто падчас уборачнай кампаніі першым намалаціў або перавёз тысячу тон збожжа, — гаварыў Іван Канстанцінавіч. — Моцныя дажджы  мінулагодняй восені не дазволілі ў запланаваных аб’ёмах пасеяць азімыя, першыя засушлівыя тыдні сёлетняга лета не спрыялі росту яравых, усё гэта адмоўна адбілася на ўраджайнасці. Не ўсё залежыць ад хлебаробаў. Як можа камбайнер набраць тысячу тон збожжа, калі надвор’е перакрэсліла планы, колас вырас слабаваты? Людзі ж стараюцца, у полі працуюць увесь светлавы дзень. І за добрасумленную працу заслугоўваюць самых шчырых слоў пахвалы.

Васілій Бароўка — камбайнер са стажам. Любоў да зямлі, вясковага жыцця, практычныя механізатарскія навыкі пераняў ад бацькі — патомнага хлебароба, перадавога ў свой час камбайнера Алега Васільевіча Бароўкі. Цяпер свой вопыт перадае сыну Ільі — навучэнцу Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, які працуе ў бацькі памочнікам. Экіпаж добра падрыхтаваў да жніва камбайн, дасканала ведае курапольскія палі, таму і поспех спадарожнічае.

У той дзень І. К. Вазміцель як старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў пабываў яшчэ ў працоўных калектывах аўтатранспартнага прадпрыемства №17 і таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мясакамбінат Пастаўскі».

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.