Студатрад – выдатная школа жыцця

Общество

Больш за 280 маладых людзей пажадалі сёлета стаць байцамі студэнцкіх атрадаў. Частка з іх ужо прыступіла да работы. На жаль, на дадзены момант праца­ўладкаваць усіх няма магчымасці. Юных памочнікаў задзейнічаюць у ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Сцяг Перамогі-агра», «Паставымэбля», лясгасе. А 27 ліпеня па ініцыятыве райкама БРСМ і раённага савета ветэранаў адбылася сустрэча прадстаўнікоў студатрадаўскага руху розных пакаленняў. Яна была прымеркавана да 55-годдзя беларускіх студэнцкіх будатрадаў і Усебеларускага дня ўдарнай працы.

Намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш у студэнцкіх будаўнічых атрадах працаваў пяць сезонаў. Было гэта падчас вучобы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Першы вопыт набываў у Чашніцкім раёне, затым будаваў завод «Измеритель» у Наваполацку. Пасля другога курса інстытута займаўся рамонтам жывёлагадоўчых памяшканняў у Кураполлі. А пасля трэцяга — паляцеў ажно ў Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу, у горад Ніжнявартаўск.

Сяргей Кісялёў, Павел Станюш, Уладзімір Нікіфараў з байцамі студэнцкага атрада Святланай Грэська, Наталляй Несцярэнка, Арцёмам Зарэцкім і Даніілам Куцухам

— Два з паловай месяцы правялі за Палярным кругам, — успамінаў Павел Радзівонавіч. — З намі не было ні выкладчыкаў, ні майстроў. Мы самі вырашалі ўсе пытанні. Жылі на першым паверсе дзіцячага садка, які і будавалі. Працавалі па 16 гадзін у суткі.  Але ў маладосці на ўсё хапала сіл і энергіі. У студатрады ішлі таму, што хацелі зарабіць грошай. Зар­плата была добрым стымулам. За два месяцы я зарабіў столькі, колькі бацька не зарабляў за год. Вучыўся на факультэце прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, таму практыка была вельмі дарэчы, ды і ў далейшым жыцці спатрэбіліся набытыя навыкі. Адзін сезон працаваў майстрам у студэнтаў Полацкага ляснога тэхнікума: узводзілі жыллё ў Шаркаўшчынскім раёне. Студатрадаўскае жыццё ўспамінаецца з трапятаннем.

Калі прафесія Паўла Станюша звязана з будаўніцтвам, то Уладзіміра Нікіфарава — з медыцынай. Смак будатрадаўскага хлеба пакаштаваў яшчэ падчас вучобы ў Смаленскім медыцынскім вучылішчы — тады асвойваў азы мулярскай справы.

— Мне здавалася гэта пякельнай працай, — гаварыў Уладзімір Мікалаевіч. — Але цяжкасцей не палохаўся, быў мэтанакіраваным. У студатрады ішлі па рамантыку, дружбу і навыкі. З’яўляючыся студэнтам Віцебскага медінстытута, увесь час імкнуўся трапіць у будатрад. А для гэтага трэба было добра вучыцца, датэрмінова здаваць экзаменацыйныя сесіі. Ужо пасля другога курса мяне выбралі камандзірам студэнцкага атрада, дабавілася клопатаў і адказнасці. Адзін год працаваў пад кіраўніцтвам аднакурсніка Аляксандра Косінца (пазней ён быў рэктарам медінстытута, старшынёй Віцебскага абл­выканкама, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зараз — памочнік Прэзідэнта). Набыты вопыт у будаўніцтве спатрэбіўся ў жыцці. Я раблю кладку з цэглы, умею перакрыць дах. Усе аддзелачныя работы ў доме выканаў сваімі рукамі.

Сяргей Кісялёў — галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама — закончыў Віцебскі педагагічны інстытут. Будучы педагог работу ў студатрадзе пачынаў з меліярацыі. Потым будаваў магазін у Крулеўшчыне, майстэрні ў Янчуках, пошту, жылыя дамы ў Глыбоцкім раёне, займаўся рамонтнымі работамі ў Валках.

— Працаваць было цяжка, — успамінаў. — Раннія пад’ёмы, спякотнае лета, амаль усё ўручную: раствор насілкамі насілі, на другі паверх падымалі.  Але і зараблялі — ад паўтары да двух з паловай тысяч рублёў. На той час гэта былі вялікія грошы. Неаднаразова выбіраўся камандзірам атрада. Трэба было клапаціцца пра бесперабойнае забеспячэнне матэрыяламі, арганізоўваць харчаванне, адпачынак, вырашаць іншыя пытанні. Студатрад — гэта «изюминка» студэнцтва і выдатная школа жыцця.

Былы галоўны бухгалтар колішняга калгаса «Дружба» (цяпер гэта ААТ «Камайскі-агра») Вільгельма Гембіцкая ўспамінала, як да іх у гаспадарку прыбыў будатрад з Віцебскага медінстытута пад кіраўніцтвам Аляксандра Косінца.

— У Лявонавічах і цяпер функцыянуе жывёлагадоўчая ферма на 400 галоў, якую ўзводзілі члены студэнцкага атрада, — гаварыла Вільгельма Ільічна. — На будынку выкладзена: «ССО «Атлант». Але не толькі гэтым надпісам студатрадаўцы пакінулі пра сябе памяць. Хлопцы былі вельмі праца­вітыя, дысцыплінаваныя. Ужо ў той час  Аляксандр Косінец па-дзелавому вырашаў усе пытанні, быў патрабавальным, з яго думкай лічыліся калегі, да яго меркавання прыслухоўвалася і кіраўніцтва калгаса.

Вольга Мышко ў маладосці была першым сакратаром райкама камсамола, а Уладзімір Магільніцкі — інструктарам. Яны курыравалі работу студатрадаў у нашым раёне. На сустрэчы з маладым пакаленнем успаміналі розныя цікавыя моманты. Хлопцы і дзяўчаты задавалі пытанні, дыялог доўжыўся амаль дзве гадзі­ны і выклікаў узаемны інтарэс.

Вынікі сустрэчы падвялі выконваючая абавязкі першага сакратара РК БРСМ Вераніка Казлоўская і старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.