Танец – люстэрка адносін мужчыны і жанчыны

Важное Культура

Так лічаць удзельнікі сямейнага балю, які ў канцы ліпеня прайшоў у Навасёлках

У адну з нядзель ліпеня першыя рады крэслаў у капліцы Божай Міласэрнасці ў Навасёлках занялі маладыя жанчыны ў доўгіх бальных сукенках, на свабодныя месцы прыселі прыбраныя мужчыны ў гальштуках-бабачках. Менавіта са Святой Імшы распачалі сямейны баль восем пар з пастаўскіх парафій Святога Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага.

Пробашч лучайскага касцёла ксёндз Яўгеній Міхайлаў, які апякуецца і над навасёлкаўскай капліцай, прывітаў гасцей, а ў сваім  казанні засяродзіў увагу на прысутнасці Бога ў сямейным жыцці, на ўменні мужа і жонкі сумесна не толькі вырашаць праблемы, але і бавіць вольны час.

— Пасля таго, як мы пабывалі на аналагічным свяце ў Глыбокім, захацелася зладзіць такое ж і ў Паставах, — расказвалі ўдзель­нікі. — Сталі запрашаць знаёмых аматараў патанцаваць. На першую рэпетыцыю прыйшлі пяць новых пар. На жаль, па розных абставінах тры адсеяліся. Тым не менш наша кола пашырылася, і мы гэтаму неймаверна рады. Меркавалі, што баль будзе толькі для пастаўчан. Але калі прадстаўнікі дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы” і душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі даведаліся пра яго, прапанавалі прыняць і іншых жадаючых. Баль было вырашана правесці ў Навасёлкаўскім Цэнтры культуры. 

На мерапрыемства прыехалі 15 пар з Глыбокага, Наваполацка, Віцебска, Мінска, Магілёва. Гучыць музыка, і галантныя кавалеры, далікатна ўзяўшы жонак за рукі, выходзяць нібыта на подыум. Хвалююцца. Валанцёры фонду, яны ж вядучыя Ірына і Іван Малочка прапануюць успомніць рухі некаторых танцаў. Хвіліна-другая — і баль адкрывае старажытны падэспань. Яго змяняюць урачысты і строгі паланэз, рамантычны вальс, імклівая полька-тройка…

Каб крыху адпачыць ад танцаў, вядучыя прапанавалі віктарыну. Затым былі гульні і зноў танцы. Пазней удзельнікі дзяліліся сваімі эмоцыямі.

Сяргей і Анастасія Піліпёнак: “Упершыню на баль паехалі ў мінулым годзе ў Браслаў. У маі былі ў Глыбокім. Прымалі ўдзел у аргані­зацыі сённяшняга. Рады, што дабавілася ўдзельнікаў, прыехалі госці. Нам падабаецца ўзаема­дзеянне ў пары. Калі партнёры пасуюць адно аднаму — гэта магія”.

Мікалай і Святлана Ожэль: “Танец ва ўсе часы быў неад’емнай часткай культуры, рэлігіі, выхавання. Традыцыйныя танцы, на жаль, адыходзяць. На сямейным балі спрабуем іх адрадзіць. У танцы важныя ўзаемаадносіны: каб партнёрка адчувала партнёра, была ўсмешлівая, а партнёр — уважлівы, далікатны. Карыстаючыся выпадкам, хочам падзякаваць дырэктару ААТ “Навасёлкі-Лучай” Юрыю Шымчыку за прадастаўленую магчымасць патанцаваць у шыкоўнай зале, за яго прысутнасць на нашым свяце”.

Андрэй і Алена Урбель: “Задаволеныя сабой, што прынялі запрашэнне паўдзельнічаць, за час рэпетыцый змаглі навучыцца асноўным па. А якая цудоўная атмасфера свята!”

Дзмітрый і Алёна Шаршунс: “Танец — гэта люстэрка адносін мужчыны і жанчыны, здольнасць дамаўляцца без слоў, адчуваць партнёра, бо менавіта ён вядзе ў танцы”.

Не мела магчымасці пабыць да завяршэння балю. Але хапіла і пары гадзін, каб захапіцца ўсім, што бачыла: душэўнасцю, дружбай, адзінствам, шчырасцю і зацікаўленасцю. Калі хто пажадае акунуцца ў такую атмасферу, звяртайцеся да ўдзельнікаў, і яны з задавальненнем прымуць вас у свае рады. Дарэчы, наступны баль дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы” плануе правесці ў Мінску.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ

Больше фото в наших группах с соцсетях: 

Одноклассники 

 

ВКонтакте



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.