Тысяча тон – заканамернасць

Главное Сельское хозяйство

Вадзіцель ААТ «Навасёлкі-Лучай» Аляксандр Болт трэцім у раёне перавёз тысячу тон збожжа.

Дасягнуў гэтага рубяжа ўжо напрыканцы ўборачнай. Калі прымаў падзячныя пісьмы, грашовыя прэміі з рук старшыняў райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава і прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Славаміра Шапеля, камбайны дажыналі апошнія гектары каля Коўзанаў. Аляксандра спынілі літаральна на некалькі хвілін па дарозе на зернясклад, падзякавалі за пастаянныя адказнасць і руплівасць.

— Тысячу тон перавезенага збожжа для Аляксандра можна лічыць нормай, — гаварыў Славамір Генрыхавіч. — У ліку тысячнікаў быў і ў мінулыя гады.

— Сёлетняя ўборачная кампанія для мяне чацвёртая па ліку, — расказваў Аляксандр. — У любой справе без вытрымкі і ўпартасці ніяк, а ў хлебаробскай — тым больш. Жніво — справа важная, а праца — нялёгкая. Пакуль камбайны ў полі, мы, вадзіцелі, рупімся як найхутчэй адвезці каштоўны груз на зернесушыльны комплекс і вярнуцца зноў. За дзень перавозіў і па 80, і па 117 тон.

Дарэчы, праз некалькі дзён тысячу тон запісаў на свой рахунак і вадзіцель Аляксандр Альхімёнак. Толькі крыху адсталі Ігар Сауць і Аляксандр Хоміч. Поспеху паспрыяў ня­дрэнны ўраджай. Сёлета ў гаспадарцы атрымалі ў сярэднім па 35,5 цэнтнера з гектара. Высокія намалоты ў камбайнераў Андрэя Жалейкі, Віталія Смолкі, Аляксандра Курдо, Святаслава Зарэцкага, Віктара Рогава, Аляксандра Смолкі, Аляксандра Рубанава і іншых.

У гэтыя дні Аляксандр Болт завозіць кармы на фермы. Потым будзе задзейнічаны на ўборцы кукурузы. Здараецца бываць у камандзіроўках. Вадзіцель ён вопытны, чалавек добрасумленны, душой адданы зямлі, у сваіх здольнасцях і сілах упэўнены, дарогу і тэхніку любіць, таму і дабіваецца высокіх паказчыкаў у рабоце.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ