У цэнтры ўвагі – дзеці

Правовое поле

Пад такой назвай з 20 жніўня па 21 верасня на Пастаўшчыне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя, прымеркаваная да пачатку новага навучальнага года і накіраваная на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей ад пажараў па прычыне іх знаходжання без нагляду дарослых.

Акцыя складаецца з трох этапаў. Першы праводзіцца з 20 па 31 жніўня ў аб’ектах гандлю горада і раёна, якія спецыялізуюцца на продажы тавараў для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. У Паставах сярод такіх аб’ектаў выбраны школьны базар каля ўнівермага “Амега” і мага­зіны “Культтавары” і “Ладушки”. На працягу двух тыдняў побач са школьнай формай і канцылярскімі прыладамі ў іх выстаўлены ў якасці наглядных экспанатаў баявое адзенне ратаўнікоў-пажарных, вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія павінны нагадаць бацькам, што, збіраючы дзяцей у школу, трэба не забываць пра правілы пажарнай бяспекі.

Акрамя таго, па чарзе ў названых гандлёвых кропках не менш за дзве гадзіны ў дзень знахо­дзяцца работнікі Пастаўскага РАНС і іх юныя памочнікі — актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратаўнікоў-пажарных і маладзёжнага атрада аховы правапарадку. Яны тлумачаць пакупнікам з дзецьмі, да чаго можа прывесці неасцярожнасць у абыходжанні з агнём, як правільна сябе паводзіць, каб захаваць жыццё і здароўе, і ўручаюць кожнаму маляўнічыя памяткі, брашуры, буклеты, іншую наглядна-выяўленчую прадукцыю адпаведнай тэматыкі. Адначасова на вялікім экране дэманструюцца відэаролікі прафілактычнай тэматыкі. Аналагічныя мерапрыемствы праводзяцца ў гарадскіх пасёлках Варапаева і Лынтупы, аграгарадку Парыж, дзе ёсць пажарная аварыйна-выратавальная часць і пасты РАНС.

Другі этап акцыі запланаваны з 1 па 14 верасня ў агульнаадукацыйных установах. На школьных лінейках, класных гадзінах і бацькоўскіх сходах работнікі РАНС правядуць прафілактычныя гутаркі па папярэджанні надзвычайных сітуацый. Таксама ў школах, гімназіі і каледжы плануецца правядзенне практычнай адпрацоўкі дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, тэматычных “Урокаў бяспекі”.

Падчас трэцяга этапа, з 17 па 21 верасня, ратаўнікі наведаюць дашкольныя ўстановы, дзе правядуць “Урокі бяспекі” для самых маленькіх жыхароў раёна, інструктажы з педагогамі і прафілактычныя гутаркі з бацькамі дзяцей. Для малышоў будуць агранізаваны гульнявыя заняткі і дэманстрацыя тэматычных навучальных мультфільмаў.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара