У Паставах зноў будзе футбольная акадэмія

Главное Спорт

Аляксандр Кушнер з юнымі футбалістамі

Некалькі гадоў у нашым райцэнтры пад патранатам прыватнага прадпрыемства “Пастаўскі мэблевы цэнтр” дзейнічалі футбольныя клуб і акадэмія. Іх выхаванцы пад кіраўніцтвам вопытных трэнераў дабіваліся высокіх вынікаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці і краіне. З-за фінансавых цяжкасцей, якія ўзніклі на прад­прыемстве, у 2014-ым яны спынілі сваё існаванне. Аднак трэнеры займаліся і працягваюць займацца з дзецьмі і юнакамі футболам у дзяржаўнай установе “Пастаўскі фізкультурна-спартыўны клуб”. На цяперашні час такіх ахвотнікаў каля 80. І вось навіна для аматараў гэтага віду спорту — у Паставах па праекце “Мой футбольны клуб” пад кіраўніцтвам Асацыяцыі Беларускай федэрацыі футбола плануецца адкрыццё футбольнай акадэміі “Fair play”. Пра гэта наша гутарка з яе заснавальнікам, індывідуальным прадпрымальнікам Аляксандрам Кушнерам.

— Аляксандр, раскажыце, калі ласка, што сабой уяўляе ваша акадэмія?
 — Спачатку ў 2012-м годзе мы адкрылі адну з першых у Беларусі прыватную футбольную школу “Нёман” у Ашмянах. Многія людзі скептычна ставіліся да гэтай ідэі, бо былі перакананыя, што бацькі не стануць плаціць за трэніроўкі па футболе, паколькі нават у мясцовай ДЮСШ былі праблемы з напаўненнем бясплатных груп па розных відах спорту. Але, як паказаў час, справа не ў платнасці ці бяс­платнасці заняткаў, а ў падыходзе да сваёй працы. Ужо ў першы месяц заняткаў у нас трэніравалася больш за 70 дзяцей. У жніўні 2014-га названую школу перайменавалі ў футбольную акадэмію “Fair play” (у перакладзе з англійскай мовы — “шчырая гульня”). Зараз наша акадэмія дзейнічае таксама ў Астраўцы, адкрываецца ў Вя­лікай Бераставіцы.

 — І як прасоўваецца гэтая шчырая гульня?
— Мы арыентуемся на вопыт вядучых футбольных краін і ставім сабе за мэту развіццё масавага футбола, які з’яўляецца перадумовай паспяховага развіцця прафесійнага. Сумесна з Асацыяцыяй Беларускай федэрацыі футбола (АБФФ) правялі больш за 30 вялікіх футбольных турніраў для дзяцей як сярод дзяржаўных ДЮСШ, СДЮШАР і прыватных школ, так і сярод навучальных устаноў Ашмян і Ашмянскага раёна.Усе каманды акадэміі ўдзельнічалі ў першых для сябе міжнародных спаборніцтвах у Літве і Латвіі. У 2015-м нашы маленькія “акадэмікі” (каманда хлопчыкаў 2007—2008 гадоў нараджэння) заняла другое месца ў турніры Utenis Cup 2015, які праходзіў у літоўскім горадзе Уцена. А сёлетняй вясной каманда футбалістаў 2007—2008 гадоў нараджэння ўзнялася на сярэбраную прыступку на турніры ў латвійскім Даўгаўпілсе.

Момант гульні

 Дзейнасцю маёй футбольнай акадэміі зацікавілася Берлінская футбольная асацыяцыя (БФА), і летась з чэрвеня па жнівень я стажыраваўся на базе аднаго з футбольных клубаў у Берліне. Спачатку пад кіраўніцтвам мясцовых трэнераў, а затым і самастойна трэніраваў дзяцей рознага ўзросту. Акрамя таго, мне па­шчасціла прыняць удзел у трох футбольных летніх лагерах, якія арганізоўваліся ў клубе.

— Вы адзначалі партнёрства футбольнай акадэміі з Асацыяцыяй Беларускай федэрацыі футбола.
— Так, пачатак 2018-га стаў для нас прарыўным у сувязі з падпісаннем пагаднення аб партнёрстве з АБФФ. Акрамя таго, футбольная акадэмія “Fair play” становіцца ўдзельнікам пілотнага праекта УЕФА па развіцці масавага і дзіцячага футбола і праекта ФІФА па развіцці дзявоцкага футбола. І самы прыемны факт — атрыманне нашымі спецыялістамі трэнерскіх ліцэнзій УЕФА. Дзякуючы партнёрству з АБФФ, дзеці будуць забяспечаны якасным інвентаром і экі­піроўкай, тыя з іх, хто прадэманструе добрую і выніковую гульню, атрымаюць магчымасць пасля заканчэння сёмага класа трапіць у Мінск, у склад каманд Акадэміі АБФФ, дзе будуць пражываць, харчавацца, навучацца і трэніравацца на базе Тэхнічнага цэнтра АБФФ, і ў іх з’явіцца перспектыва трапіць у склад зборных Беларусі рознага ўзросту. Трэнеры акадэміі забяспечваюцца экіпіроўкай і атрымаюць магчымасць бясплатнага навучання з атрыманнем трэнерскай ліцэнзіі УЕФА.

— Якіх асноўных прынцыпаў работы з дзецьмі прытрымліваецеся?
— Наша мэта — прывіць дзецям захапленне футболам. У акадэміі навучальны працэс пабудаваны такім чынам, каб яны з задавальненнем наведвалі трэніроўкі. Таленавітыя і мэтанакіраваныя, несумненна, атрымаюць магчымасць паспрабаваць свае сілы ў прафесійных футбольных клубах. Але і для тых, хто не імкнецца зрабіць спартыўную кар’еру, заняткі ў акадэміі не стануць дарэмным марнаваннем часу. Наадварот, лепшае, што ёсць у футболе, гэта не вымотваючая гонка за кар’ерай, а карыснае захапленне дзіцяці, якое паляпшае здароўе, фарміруе характар і дазваляе знайсці шчырых сяброў. Менавіта таму мы прымаем у акадэмію кожнага, хто пажадае.

— У тым ліку дзяўчынак?
 — А чаму і не? Даўно пара адкінуць стэрэатыпы, што футбол — гэта мужчынскі від спорту. У яго гуляюць і жанчыны, прычым дасягаюць поспехаў. Таму, карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да бацькоў: “Паважаныя мамы і таты! Не замінайце вашым дачушкам праявіць сябе на футбольнай пляцоўцы. Тым самым вы адцягнеце іх ад камп’ютараў, планшэтаў, айфонаў”.

 — Дзе можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць футбольнай акадэміі і як запісаць у яе дзіця?
— Адказы на пытанні, якія датычаць запісу ў футбольную акадэмію, арга­нізацыі трэніровачнага працэсу, платы за трэніроўкі і інш., вы зможаце атрымаць па тэлефоне 8(029)666-54-84 (велком) альбо 8(033)366-54-84 (МТС). Таксама раім наведаць наш сайт www.fair-play.by.

Гутарыла Фаіна Касаткіна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.