Ураджай убіраюць і пра будучы дбаюць

Главное Сельское хозяйство

Валерый Татун і Міхаіл Ганчароў

Калі ў панядзелак раніцай прыехалі ў майстэрні сельгаспрадпрыемства «Ляхаўшчына-агра», амаль усе камбайнеры былі яшчэ на месцы. Аглядалі тэхніку і чакалі, калі пасля вячэрняга моцнага дажджу абвее пасевы.

— Вось толькі Валерый Татун ужо недзе ў дарозе на поле, — гаварыла галоўны аграном Марына Галубёнак. — Сёння ён будзе ўбіраць яравую пшаніцу каля Піскуноў.

Для Валеры гэта першае жніво. Яму даверылі новы камбайн, які набылі ў лізінг. Механізатар малады, але зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку.  Мае ўсе катэгорыі на права кіравання тэхнікай. Вясной працаваў з сеялкай. Пайшла справа і на ўборцы. Па намалотах наступае на пяты вопытным камбайнерам.

Каб сфатаграфаваць Валерыя, адправіліся ажно на мяжу з Шаркаўшчынскім раёнам. Засталі камбайнера з памочнікам Міхаілам Ганчаровым на пшанічным полі. Яны правяралі вільготнасць зерня. Параіўшыся з галоўным аграномам, вырашылі ўключацца ў работу праз паўгадзіны.

Камбайнеры і іх памочнікі: Уладзімір Жойдзь, Аляксандр Мядзведскі, Дзмітрый Якімовіч, Дзмітрый Жалянцоў, Сяргей Ласоўскі, Аляксандр Кабайла і Сяргей Жалянцоў

Па дарозе Марына Мечыславаўна расказвала пра справы ў раслінаводстве, хваліла хлебаробаў: «Нашы механізатары працавітыя, дысцыплінаваныя і цярплівыя. Дзякуй ім усім за старанне. Ура­джай сёлета не радуе, а ўсё роўна ўбіраць трэба. Камбайнеры гэта разумеюць. Дырэкцыя імкнецца людзей падтрымліваць. Штодня раздаём бюлетэні, у якіх адлюстраваны намалоты і заработак. Арганізавана дастаўка ў поле гарачага харчавання. Адказны за развоз Часлаў Бурак. Ён часам праязджае да 70 кіламетраў — настолькі раскіданы палі. Адзін механізатар можа працаваць на мяжы з Шаркаўшчынскім раёнам, другі — з Докшыцкім.  Выдаём бутыляваную ваду».

Увогуле, настрой у ляхаўшчынскіх камбайнераў не вельмі бадзёры. І прычынай таму нізкая ўраджайнасць яравых.

— Калі прыступалі да жніва, то азімая пшаніца на некаторых участках давала па 60 цэнтнераў з гектара, — апавядалі. — Тады было весялей. А пераехалі на ячмень — і энтузіязм знік. Пасевы сёлетнім спякотным летам павыгаралі.

Аляксандр Кабайла і яго памочнік Сяргей Ласоўскі ў СП «Ляхаўшчына-агра» перайшлі з былога «Парыжа-агра». Успамі­налі, што ва ўраджайныя гады толькі з азімых намалочвалі па 900 тон.

Георгій Зелянкевіч

— Складальнікаў ураджайнасці шмат, — тлумачыла Марына Галубёнак. — Адзін з важнейшых — удабрэнні. Калі ляхаўшчынскія землі іх атрымлівалі пастаянна, то парыжскія не бачылі гадамі. Адпаведна, і ўраджайнасць на некаторых участках там даволі нізкая. Удабрэнняў сёлета было малавата. Два разы падкармілі толькі азімую пшаніцу, што вырошчвалі на харчовыя мэты. Шмат сродкаў затрацілі на рэарганізацыю гаспадаркі, таму прыйшлося на нечым эканоміць. Хочацца спадзявацца, што пераломны год закончыцца і справы пойдуць уверх.

Убіраючы вырашчанае, у гаспадарцы дбаюць пра будучы ўраджай. Вопытны сеяльшчык Георгій Зелянкевіч, які да драбніц ведае ўсе агратэхнічныя патрабаванні, не дапускае браку ў рабоце, з раніцы рыхтаваўся да сяўбы азімага рапсу.

Паралельна вядзецца нарыхтоўка кармоў. Травы другога ўкосу, асабліва канюшына, выраслі добрыя. Пасля дажджоў радуе вока кукуруза. Вяскоўцы прыкладуць усе намаганні, каб зімоўка жывёлы была сытнай.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.