Усе дарогі вядуць да мэты

Главное Личности Общество

Наша сённяшняя размова з начальнікам Пастаўскага дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №33, лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны-2018» Алегам Пятровічам Крукоўскім.

— Якія дарогі прывялі вас у ДЭУ-33?
— У 2004 годзе закончыў Магілёўскі беларуска-расійскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Будаўніцтва аўтамабільных дарог і транспартных аб’ектаў і камунікацый». Па размеркаванні мяне павінны былі прыняць на пасаду начальніка лінейна-дарожнай дыстанцыі ў Віцебскім ДЭУ-31, але назначылі ўсяго толькі майстрам. Гэта стала расчараваннем, тым не менш свае абавязкі выконваў старанна. Праз паўгода стаў начальнікам ЛДД. А яшчэ праз тры месяцы мяне выклікаў генеральны дырэктар «Віцебскаблдарбуда» і прапанаваў пасаду галоўнага інжынера Пастаўскага ДЭУ-33. Згадзіўся не без ваганняў. Па першае, разумеў, што пасада адказная, а вопыту работы зусім мала. Па-другое, дзе тыя Паставы, у якіх нават ніколі не быў. Да таго часу я ўжо меў сям’ю, і мне хацелася застацца ў Віцебску або Полацку, паколькі жончыны бацькі жылі ў Наваполацку, ды і да маіх на Шклоўшчыну з Віцебска ўсяго 115 кіламетраў. Але генеральны быў няўхільны — паедзеш у Паставы.

— І як сустрэлі Паставы?
— Гэта былі першыя красавіцкія дні. Вясна яшчэ нясмела ўступала ў свае правы, у прыродзе ўсё было шэра. Сумна і на душы, асабліва па вечарах у гасцініцы. Але ўжо праз тыдзень я зняў кватэру і перавёз жонку з дачушкай. Хутка адаптаваўся і ў калектыве. Начальнік ДЭУ Генадзій Іванавіч Татарчук прадставіў усім супрацоўнікам, пазнаёміў з многімі кіраўнікамі, сваімі сябрамі, і неўзабаве я ўжо адчуваў сябе сваім сярод гэтых людзей. Да гэтага часу не верыцца, што Генадзія Іванавіча няма побач з намі. Яго раптоўная смерць стала стрэсам для ўсяго калектыву. Ён быў вопытным, ініцыятыўным кіраўніком. Я вельмі многаму навучыўся ў яго за гады сумеснай працы. На першым часе, канешне, было цяжка, асабліва з асваеннем усёй нарматыўнай дакументацыі. На работу ішоў у сем гадзін, дадому вяртаўся ў адзінаццаць вечара. Сумаваць не стала калі, а вось жонка з гадавалай дачушкай на руках да новага месца прывыкала цяжэй. Затое цяпер нам усім вельмі падабаецца ў Паставах.

— Атрымаўшы спецыяльнасць, звязаную з дарогамі, у далейшым вы не пашкадавалі пра свой выбар?
— Ніколі. Дарогі мне заўсёды падабаліся як вадзіцелю ўласнай аўтамашыны. Чым лепшым быў іх стан, тым прыемней паездкі. Зараз гляджу на іх ужо як гаспадар. Вобразна кажучы, кожная дарога вядзе да мэты. А ў нас, дарожнікаў, мэта адна — утрымліваць іх у добрым стане.

— З 2 лістапада 2015 года вы ўзначальваеце калектыў. Ёсць з кім працаваць?
— Канешне, ёсць. Праўда, скарачэнне закранула і нас. Калі я прыйшоў у ДЭУ, у штаце былі 74 чалавекі, зараз — 61. Здараюцца і такія сітуацыі, калі рабочых рук не хапае. Лічу, што любая аптымізацыя павінна быць разумнай. Калі з-за недахопу фінансаў або рабочай сілы адзін год нічога не рабіць на дарозе і такім чынам запусціць яе, то пасля гэтага спатрэбяцца тры гады, каб выправіць становішча. Наша задача — утрымліваць дарогі ў добрым стане і забяспечваць бяспеку руху транспарту. У нас неблагая зарплата, няма цякучасці кадраў, людзі трымаюцца за свае месцы. Шмат тых, хто аддаў прадпрыемству не адзін дзясятак гадоў.

— Якія аб’ёмы работ даводзіцца выконваць?
— Мы абслугоўваем 212 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння на тэрыторыі Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў, з іх 18,4 кіламетра з асфальтабетонным пакрыццём, 191 —   гравійныя, 1,5 кіламетра — каменныя. Маем дастаткова тэхнікі — трактароў, пагрузчыкаў, МАЗаў, грэйдэраў і інш. Па меры магчымасці вядзецца тэхнічнае абнаўленне. Я заўсёды падкрэсліваю, што тэхнічная аснашчанасць ДЭУ дазваляе перамагчы Хаўер. А вельмі напружаныя сітуацыі здараюцца падчас падобных прыродных катаклізмаў. Зараз заканчваецца сезон рамонту. Сёлета паклалі асфальтабетон на 2,2 кіламетра адзінаццацікіламетроўкі і на амаль 3 кіламетрах — на аб’язной вакол Пастаў, 709 метраў пешавеладарожкі ўздоўж вуліцы Міру ў райцэнтры. З-за недастатковага фінансавання ў асноўным праводзім паверхневую апрацоўку асфальтабетоннага пакрыцця з мэтай падаўжэння тэрміну яго службы. Такія работы выкананы на 14 кіламетрах. Наш клопат — і абкошванне прыдарожных палос, утрыманне мастоў і аўтапавільёнаў. Зімой — расчыстка дарожнага палатна ад снегу. З мінулага года клопатаў прыбавілася — прыступілі да капітальнага рамонту мастоў за ўласныя сродкі (раней толькі ўтрымлівалі іх і ажыццяўлялі дробны рамонт). Па гэтым пытанні на базе нашай арганізацыі нават праводзіўся абласны семінар дарожнікаў.

— 2018-ы — Год малой радзімы. Дзе ваша і ці бываеце там?
— Мая маленькая радзіма — Магілёўшчына. Нарадзіўся ў Чавускім раёне. Калі мне было ўсяго два годзікі, бацькі пераехалі на Шклоўшчыну. Тата трыццаць гадоў адпрацаваў у сельскай школе, з іх апошнія пятнаццаць — завучам. Зараз — на пенсіі. Мама — бібліятэкар, працуе да гэтага часу. У бацькі ў сям’і тры браты і адна сястра. Усе хлопцы выбралі прафесію настаўніка, толькі сястра вывучылася на эканаміста. І мае два браты закончылі педінстытуты. Праўда, цяпер абодва працуюць у будаўніцтве. Перакваліфікавацца ім давялося па прычыне нізкіх заробкаў у школе. Час ідзе, бацькі старэюць, і я разумею, што трэба наведвацца да іх як мага часцей. На жаль, гэта не заўсёды атрымліваецца, але хаця б адзін раз у паўтара месяца мы абавязкова едзем у родную вёску. І мае, і жончыны бацькі таксама прыязджаюць да нас, іншы раз — у госці, а найчасцей, каб дапамагчы ў рабоце.

— А зараз раскажыце, калі ласка, як стваралі сваю сям’ю.
— Са сваёй будучай жонкай Раяй мы пазнаёміліся, калі яна прыязджала з Наваполацка на канікулы ў нашу вёску да бабулі і дзядулі. Спачатку сябравалі, а потым дружба перарасла ў каханне. Мы з ёй вельмі падобныя не толькі па характары, але нават знешне, бывалі выпадкі, што нас прымалі за брата і сястру. Закончыўшы школу, я паступіў вучыцца ў Магілёў, а Рая — у Наваполацк. Пасля трэцяга курса пажаніліся, але па-ранейшаму яна жыла ў Наваполацку, а я — у Магілёве і разам бывалі не так часта, як хацелася б. Таму, атрымаўшы дыплом, я адразу ж забраў Раю і дачушку Юлю ў Віцебск, па месцы маёй работы.

— Кажуць, што сапраўдны мужчына павінен пабудаваць дом, пасадзіць сад, выгадаваць сына. Ці справіліся з гэтым?
— Лічу, што так. Найвялікшая радасць — дзеці. Іх у нас з Раісай трое. Юлі чатырнаццаць гадоў, Марыі — восем, Кірылу 5 лістапада споўніцца чатыры. Усе яны добра выхаваныя, не спешчаныя намі. Дзяўчынкі ўжо добрыя памочніцы маме. Што тычыцца дома, то мы справілі ў ім наваселле ў лістападзе 2016-га. Праўда, не будавалі, а купілі. Як мнагадзетнай сям’і, галіновае міністэрства прадаставіла пазыку, аблаўтадар даў крэдыт, прадалі ўласную кватэру, у якой сям’і ўжо было цеснавата — і такім чынам назбіралася сродкаў на набыццё дома. Рабілі рамонт, абуладкоўвалі на свой густ, перабудавалі лазню. Вельмі дапамаглі і дапамагаюць у будаўнічых работах мой і Раісін бацькі, за што мы ім бязмежна ўдзячныя. Ёсць у нас і сад, агарод, і хоць ён невялікі, ураджай сёлета багаты, жонка нарабіла шмат закатак на зіму.

— Ці падтрымліваеце адносіны з былымі аднакласнікамі і аднакурснікамі?
— Падтрымліваю. Разам з тым, набыў новых сяброў на Пастаўшчыне, прычым мы сябруем сем’ямі, любім разам праводзіць святы ці проста адпачываць на прыродзе.

— Што вас радуе, а што засмучае?
— Мы з жонкай шчаслівыя, што яшчэ маем бацькоў, і вельмі даражым імі. Радуюць дзеці. Люблю сваю работу, і калі штосьці атрымліваецца не так, гэта засмучае. А ўвогуле, я аптыміст і стараюся ва ўсім знаходзіць пазітыў.

— Сёлета вы сталі лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Як успрынялі гэта?
— Калі даведаўся, што мяне вылучылі кандыдатам на гэта званне, адчуў сябе некамфортна. Я ж яшчэ зусім малады кіраўнік. Ёсць нямала больш вопытных і заслужаных людзей. Выказаў сваю думку ў райвыканкаме, але там палічылі па-іншаму. Ну, а калі званне прысвоілі і пасыпаліся віншаванні, канешне, было прыемна. І не толькі мне і маім родным, але і ўсяму калектыву, бо зразумела, што гэта з’явілася адзнакай не столькі маёй асабістай працы, як працы ўсёй арганізацыі.

— Безумоўна, прыемна, калі поспехі калектыву заўважаюць і адзначаюць. А якая рэакцыя кіраўніка, калі ў яго адрас гучыць крытыка?
— Здаралася і такое. Калі яна аб’ектыўная, разумеў, што дапусціў нейкі пралік і трэба як найхутчэй выпраўляць становішча. Калі неаб’ектыўная, было вельмі крыўдна. Але я чалавек адходлівы…

— Вашы захапленні?
— Раней любіў рыбачыць, зараз не маю часу на гэта. Засталося «ціхае паляванне». Праўда, лясы Пастаўшчыны ведаю не так добра, таму па грыбы езджу разам з сябрамі. А яшчэ я, усе мае родныя і сябры вельмі любім мыцца ў лазні. Кожны раз атрымліваем сапраўдны рэлакс і ад самой працэдуры, і ад чаявання і размоў па душах.

— Як праводзіце водпуск?
— На поўны вышэйстаячае кіраўніцтва мяне ніколі не адпускала, максімум — на тры тыдні. Звычайна, у першы ж дзень зачынялі кватэру і ехалі да бацькоў у вёску, дзе і праводзілі ўвесь гэты час. Сёлета паабяцаў дзецям, што вывезу на мора. Слова стрымаў — усёй сям’ёй адпачывалі ў Турцыі. Прычым ляцелі туды з Украіны, паколькі тур адтуль у два разы таннейшы, чым з Беларусі. А на Украіну ехалі на сваёй машыне, шмат чаго пабачылі, пабывалі ў Кіеве. Адпачылі цудоўна, асаб­ліва ўсё спадабалася дзецям.

— Можа, яшчэ што запамінальнае прынёс бягучы год?
— Так, у маім жыцці адбылася яшчэ адна значная падзея — я паступіў на завочнае аддзяленне Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. З 3 верасня пачынаецца першая сесія. Такім чынам, я зноў — студэнт. Лічу, што вучыцца ніколі не позна, а атрыманыя ў Акадэміі веды спатрэбяцца ў рабоце.

Гутарыла Фаіна Касаткіна