Выдатны пуць – аснова бяспекі

Важное Общество

Чыгунка — складаны механізм, дзе кожны работнік займае сваё месца, на якім абавязаны працаваць без збояў для спраўнага функцыянавання ўсяго транспартнага комплексу. Але аснова асноў у ім — чыгуначны пуць.

Варапаеўская дыстанцыя з’яўляецца менавіта такім структурным падраздзяленнем, галоўнае прызначэнне якога — бягучае ўтрыманне пуці. Прадпрыемства паспяхова працуе і развіваецца на працягу 79 гадоў. Тут прымяняюцца найноўшыя тэхналогіі абслугоўвання і рамонту як пуці, так і машын, механізмаў, задзейнічаных на пуцявых работах.

Як адзначыў начальнік дыстанцыі Аляксандр Кандыбін, у гэтым годзе неабходна зрабіць сярэдні рамонт на дванаццаці кіламетрах з заменай пуцявой рэйкашпальнай рашоткі на пуцявую рашотку на жалезабетоннай аснове, у тым ліку на станцыях Глыбокае і Лынтупы, замяніць 14 стрэлачных пераводаў, з якіх 4 ужо ўкладзены. Звыш плана ўкладзена каля двух кіламетраў бесстыкавога пуці з заменай рэек на новыя. Вядзецца работа па замене насцілаў на 12 пераездах. 7 з іх ужо капітальна адрамантаваны. У выніку абнаўлення паляпшаецца стан пуці, павышаецца бяспека руху цягнікоў.

Галоўны інжынер дыстанцыі Канстанцін Канаш звярнуў увагу на тое, што на некаторых маставых пераходах ужо патрабуюць замены пралётныя збудаванні, асобныя з якіх служаць яшчэ з польскага часу. Рамонт двух мастоў завершаны. Для работы на прадпрыемстве ў неабходнай колькасці маюцца машыны для замены шпал, выпраўкі пуці як у плане, так і ў профілі, маторна-рэйкавы транспарт, машыны для пагруза-разгрузачных работ, уборкі, укладкі матэрыялаў верхняй пабудовы пуці і іншыя.

Адзначыў Канстанцін Георгіевіч і галоўную каштоўнасць — пуцейцаў. У калектыве працуюць такія высокакваліфікаваныя спецыялісты, як Антон Сакалоўскі, які летась быў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”. Адказны, працавіты, сапраўдны прафесі­янал. Бывае, што тэхніка не вытрымлівае, ламаецца. Тады на дапамогу механізатарам, вадзіцелям, пуцейцам спяшаюцца рамонтнікі Людвіг Руткоўскі, Станіслаў Кішко. Апошні — яшчэ і адзін з лепшых рацыяналізатараў дыстанцыі, яго распрацоўкі дазваляюць зменшыць расходы і скараціць час на рамонт. Увогуле, вынаходніцтва і рацыяналізатарства ў дыстанцыі на належным узроўні і дае адчувальныя вынікі: ад укаранення рацыяналізатарскіх прапаноў у мінулым го­дзе атрымалі эканамічны эфект у памеры 4 тысяч рублёў, у бягучым — ужо каля 0,4 тысячы. Дарэчы, і сам галоўны інжынер дыстанцыі за ўмелае кіраўніцтва ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”.

Майстру ўчастка дэфектаскапіі Андрэю Шорцу ў яго рабоце трэба быць асабліва ўважлівым, чаго патрабуе і ад падначаленых, непасрэдна занятых пошукам праблем як звонку, так і ўнутры рэек. За бяспеку руху цягнікоў дэфектаскапісты адказваюць у першую чаргу. Дзякуючы якаснаму ўтрыманню штучных збудаванняў, прымяненню сучасных матэрыялаў, у кіраўніцтва дыстанцыі няма прэтэнзій да функцыянавання мастоў, водапрапускных труб, эстакад. А клопатаў у маставога майстра Алега Разумоўскага і яго маставікоў хапае, бо яны вырашаюць складаныя вытворчыя пытанні на 19 сярэдніх мастах, амаль на 360 малых і трубах агульнай працягласцю больш за 7 кіламетраў.

І ўсё ж асноўнай фігурай у дыстанцыі з’яўляецца манцёр пуці. Людзі ў аранжавых камізэльках круглы год, у любое надвор’е выконваюць сваю работу, забяспечваюць бесперабойнае функцыянаванне чыгункі.  Нярэдка плячо ў плячо з манцёрамі працуюць дарожныя майстры, брыгадзіры пуці. Усе яны заслугоўваюць добрых слоў. Сярод іх начальнік участка Леанід Дзехцяронак, адзначаны найвышэйшай галіновай узнагародай “Ганаровы чыгуначнік”, дарожны майстар Аляксандр Дарашчонак і брыгадзір пуці Васілій Башаў.

А ў “штабе” — канторы дыстанцыі — каманда дыспетчараў, яны ж і распарадчыкі работ. Бухгалтэрыя, якую ўзначальвае малады амбіцыйны спецыяліст На­дзея Балай, кантралюе справаздачнасць па фінансавых пытаннях. Эканамісты на чале з Марыяй Аўсюк сочаць, каб дыстанцыя заўсёды знаходзілася на плаву. Работу з кадрамі паспяхова вядзе намеснік начальніка дыстанцыі па ідэала­гічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях Аляксандр Ушкур. Тэхналагічнымі справамі, арганізацыяй работ па бягучым ўтрыманні і рамонце пуці займаецца тэхнічны аддзел, які ўзначальвае Дзмітрый Варабей, таксама малады спецыяліст, які актыўна ўключыўся ў выкананне вытворчых задач і грамадскую дзейнасць. Радуе, што маладыя імкнуцца рэалізаваць сябе. Многія, як, напрыклад, рамонтнік штучных збудаванняў Сяргей Брагін, вучацца, а пасля тэхнікума рыхтуюцца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У дыстанцыі строга абараняюць інтарэсы пуцейцаў, у чым вялікая заслуга старшыні прафкамітэта Веры Ушкур. Старшыня савета ветэранаў Валянціна Трафімава вядзе Кнігу памяці, якая ўтрымлівае звесткі пра ўсе справы пуцейцаў з пасляваеннага часу і людзей, якія іх вяршылі.

Віншую ўсіх работнікаў сталёвай магістралі, ветэранаў, іх родных з прафесійным святам! Выказваю ўдзячнасць за працу, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, міру і дабра.

Леанід СЕМЯНАС, былы начальнік участка Варапаеўскай дыстанцыі пуці



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.