З індывідуальным падыходам

Важное Местная власть

Тэма занятасці насельніцтва па-ранейшаму застаецца вострай. У сувязі з гэтым старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым была праведзена нарада ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Ад нашага раёна ўдзел у ёй прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч і яе намеснік Ілона Дзядзюля. Абмяркоўвалася пытанне работы камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў раёнах і гарадах.

Вынікі работы за першае паўгоддзе падвёў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аляксандр Хрыстафораў, які з’яўляецца намеснікам старшыні абласной пастаянна дзеючай камісіі. Ён паведаміў, што ў пачатку года ў вобласці былі вызначаны 15 тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. За паўгода становішча палепшылася ў васьмі рэгіёнах, у тым ліку ў Пастаўскім раёне. У Сенненскім і Шумілінскім раёнах сітуацыя ўскладнілася. І надалей асноўным паказчыкам эфектыўнай работы кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будзе лічыцца садзейнічанне занятасці, стымуляванне працаўладкавання і самазанятасці, падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці людзей.

Як вядома, Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 ад 2 красавіка 2015 года “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” прыняты з мэтай папярэджання сацыяльнага ўтрыманства, стымулявання працаздольных грамадзян да працы, забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам уплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.

Падчас відэаканферэнцыі былі заслуханы тлумачэнні прадстаўнікоў тых рэгіёнаў, дзе ёсць нямала праблем па рэалізацыі Дэкрэта №3, які знаходзіцца на кантролі ў Прэзідэнта краіны. Уладзімір Цярэнцьеў паставіў канкрэтныя задачы перад старшынямі камісій, дакладна вызначыў тэрміны іх выканання.

У нашым раёне камісію ўзначальвае Пётр Курто. У яе склад увахо­дзяць дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты структурных падраздзяленняў райвыканкама, прадстаўнікі дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў. Пасяджэнні праводзяцца ў 49-м кабінеце райвыканкама кожную першую і трэцюю сераду месяца з 15 да 17 гадзін.

У бліжэйшы час камісія будзе фарміраваць базу даных не занятых у эканоміцы працаздольных грама­дзян, паведамляць пра гэта людзям, дапамагаць ім у пошуках работы. Першыя пробныя спісы раённыя камісіі павінны прадаставіць у рэспубліканскую базу да 1 верасня.

Члены камісіі будуць таксама разглядаць складаныя жыццёвыя сітуацыі, у якіх па заяве чалавека ён можа цалкам або часткова быць вызвалены ад аплаты жыллёва-камунальных паслуг па поўных тарыфах. У кожнай сітуацыі будуць праяўляцца аб’ектыўнасць, дасканаласць і індывідуальны падыход.

Больш падрабязную інфармацыю пра работу камісіі ў нашым раёне можна атрымаць па тэлефоне 4-32-50 або на сайце райвыканкама ў рубрыцы “Дэкрэт №3 “Аб садзей­нічанні занятасці насельніцтва”.

Анна АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.