З маладым энтузіязмам

Общество

1 жніўня на зборачна-ўпаковачным участку ААТ «Паставымэбля» прыступіў да работы студэнцкі атрад, сфарміраваны райкамам ГА «БРСМ».

Жнівень для прадпрыемства — адзін з самых гарачых месяцаў. Менавіта ў гэты час ідзе масавая адгрузка мэблі школам і іншым установам адукацыі, якія рыхтуюцца да пачатку новага навучальнага года. Такой парой лішнія рукі вельмі дарэчы. Таму калі раённы камітэт БРСМ прапанаваў часова прыняць на работу студэнцкі атрад у складзе 10 чалавек, кіраўніцтва завода толькі ўзрадавалася. І, трэба сказаць, ніколькі не пашкадавала пра сваё рашэнне. Выключна станоўчыя водгукі пра 17-18-гадовых юнакоў — навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, гімназіі, СШ №2 і №3 — давялося пачуць і ад дырэктара “Паставымэблі” Сяргея Лацецкага, і ад старшага майстра зборачна-ўпаковачнага ўчастка Тамары Шырокай.

— Я вельмі задаволена хлопцамі, бачу ў іх годную змену заводскім зборшчыкам, — хваліла Тамара Міхайлаўна маладых памочнікаў. — Усе працуюць добра, стараюцца, няма праблем з дысцыплінай. Спадзяюся, пасля заканчэння навучальных устаноў яны прыйдуць на наша прадпрыемства не толькі рабочымі ў зборачны цэх, але і майстрамі, тэхнолагамі.

Як і ў большасці завадчан, рабочы дзень у студатрадаўцаў пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Заканчваецца ў 16.00. Прадугледжаны перапынак на абед і невялікія тэхналагічныя перапынкі. У такім рытме маладыя людзі будуць жыць да 1 верасня, збіраючы школьныя крэслы, якія пастаўляюцца не толькі па ўсёй Беларусі, але і за мяжу. У першыя дні на прадпрыемстве кожны прайшоў навучанне ў вопытнага майстра і цяпер працуе з ім у пары. Па словах Тамары Міхайлаўны, некаторыя юнакі настолькі набілі руку ў новай для сябе справе, што ім можна даверыць і больш складаную работу. Напрыклад, сабраць шафу або стол-тумбу, упакаваць мэблю, што, дарэчы, яны ўжо робяць.

Асабліва Т. М. Шырокая адзначыла ў размове Арцёма Жолуда, Дзяніса Шэнгофа, Данііла Колтуна, Арцёма Драгуна і камісара атрада Данііла Куцуху. Давялося пагутарыць і з самімі хлопцамі, якія расказалі, чаму запісаліся ў студатрад (для іх гэта магчымасць з карысцю правесці вольны час і матэрыяльна дапамагчы бацькам), падзяліліся планамі на будучыню. І, як аказалася, у перспектыве маладыя людзі не выключаюць таго, што прыйдуць працаваць на завод.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара