З медалямі, Кубкам і дыпломамі

Важное Правовое поле

Анатолій Белкін і Юрый Смірноў са службовым сабакам Стэнам і ўзнагародамі.

вярнуліся з абласных спаборніцтваў па прафесійным майстэрстве міліцыянер-кінолаг групы затрымання Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы старшына Анатолій Белкін і міліцыянер-вадзіцель прапаршчык Юрый Смірноў.

Такія спаборніцтвы сярод падраздзяленняў Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь на Віцебшчыне праводзяцца не ўпершыню, і не ўпершыню ў іх удзельнічаюць Анатолій з Юрыем. Але раней, каб стаць прызёрамі, ім не хапала то вопыту, то проста шанцавання. На гэты раз улічылі ўсе свае слабыя месцы — і ўдача ўсміхнулася.

Трэба сказаць, што агульнакаманднае трэцяе месца, якое нашы землякі занялі ў падгрупе «Малыя падраздзяленні», склалася з шэрага індывідуальных і сумесных выступленняў. Так, вадзіцелі дэманстравалі на скорасць майстэрства ў выкананні элементаў фігурнага ваджэння аўтамабіля і замене «прабітага» кола. Кінолагі — работу са службовым сабакам: яго ўменне зрабіць выбарку рэчы, узяць след, затрымаць умоўнага злачынца, выконваць базавыя каманды. Паасобку здавалі і нарматывы па фізічнай і агнявой падрыхтоўцы. Агульным выпрабаваннем была тактыка дзеянняў на аб’екце, з якога паступіў сігнал трывогі. Неабходна было прыбыць на аб’ект і знайсці чалавека, які туды пранік, прытрымліваючыся пры гэтым мер бяспекі. Пастаўчане дакладна адпрацавалі тактыку сумесных дзеянняў і з дапамогай нямецкай аўчаркі па мянушцы Стэн затрымалі і абяззброілі «злачынца», які ўмела хаваўся і меў пры сабе два нажы. За гэты этап яны атрымалі дыплом другой ступені.

— Тое, што хлопцы ўвайшлі ў лік прызёраў, невыпадкова, — расказваў начальнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Вадзім Крыштафовіч. — Мы даўно маглі мець Кубак, бо прафесійны ўзровень нашых супрацоўнікаў ніколькі не горшы, чым у прадстаўнікоў іншых падраздзяленняў аховы вобласці. Часта ад узнагароды аддзялялі ўсяго толькі сотыя бала. І Анатолій, і Юрый маюць добрыя паказчыкі ў службовай дзейнасці, актыўна займаюцца спортам. Толя Белкін летась заняў першае месца ў спаборніцтвах па шахматах, арганізаваных Ві­цебскім абласным упраўленнем Дэпартамента аховы. Юра Смірноў нядаўна здаў нарматывы Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама» (Мінск) і неў­забаве павінен атрымаць першы спартыўны разрад па мнагаборстве. Акрамя таго, абодва вучацца. Першы — у Акадэміі МУС па спецыяльнасці «Адміністрацыйна-прававая дзейнасць», другі сёлета закончыў эканамічны каледж у Полацку і паступіў там жа ва ўніверсітэт на «Правазнаўства».

Па словах мужчын, у ахову яны прыйшлі, папрацаваўшы некаторы час на прадпрыемствах горада, і рады, што звязалі жыццё са службай у міліцыі. А. Белкін апрануў форму ў 2013 годзе, з 2014-га з’яўляецца кінолагам. Ю. Смірноў ужо 11 гадоў служыць на паса­дзе вадзіцеля. А тое, што зараз героі гэтага артыкула атрымліваюць вышэйшую адукацыю па міліцэйскіх спецыяльнасцях, яскрава сведчыць: пакідаць цяперашняе месца работы яны не збіраюцца.

Алена ШАПАВАЛАВА