За крэдытныя сродкі

Важное Общество

Вядзе рамонт дарог калектыў філіяла «Пастаўскае ДРБУ-132»

У гэтыя дні яны “апранаюць” у новы асфальт участкі на дарозе ад Юнек да Варапаева. Наперадзе ідзе МАЗ з гарачым асфальтам, за ім — асфальтаўкладчык, работай якога кіруе Сяргей Сабіранаў. Дарожныя рабочыя Сяргей Кавалёў і Андрэй Канчанін сочаць за падачай асфальтавай масы і ўзроўнем стыкоўкі палатна. Далей справа за каткамі, на якіх працуюць Сяргей Галяк і Іосіф Вырвіч. Яны пакідаюць пасля сябе роўную чорную паласу. Праз некалькі гадзін па ёй можна ехаць.

— Работа няпростая, — гаварыў прараб Павел Станкевіч. — Стаіць спякотнае надвор’е, гарачы асфальт. Але людзі стараюцца. За дзень расходуем больш за 250 тон асфальтавай масы, якую бесперабойна з асфальта-бетоннага завода ў Боцвінах дастаўляюць ва­дзіцелі Яўгеній Мазурэвіч, Алег Касцень, Генадзій Курто і іншыя. Робім усё для таго, каб рух на нашых дарогах быў больш бяспечным.

—  Па ацэнках спецыялістаў 7 тысяч кіламетраў мясцовых дарог Беларусі — асфальтаваных, бетонных, гравійных — патрабуюць аператыўнага рамонту , — расказвала начальнік планава-вытворчага сектара ДРБУ-132 Вольга Гваздоўская. — У раёнах складаюцца спіскі дарожных участкаў, на якія ў першую чаргу будуць расходавацца выдзеленыя грошы. Перавага аддаецца дарогам, якія вядуць да запатрабаваных аб’ектаў інфраструктуры.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ