За работай

Образование Общество

адзначылі пастаўчане чарговую гадавіну студатрадаўскага руху

1 жніўня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў. Першыя з іх былі ўтвораны 55 гадоў таму. З гэтай нагоды ў мінулую сераду маладзёжны лідар раёна Вераніка Казлоўская адправілася па­віншаваць пастаўскіх байцоў працоўнага фронту непасрэдна на месца іх працы.

Зараз у раёне дзейнічаюць 4 студэнцкія атрады агульнай колькасцю 55 чалавек. Адзін з іх шчыруе на базе ляснога гадавальніка ДЛГУ «Пастаўскі лясгас». Тут і робім першы прыпынак.

— Сёння юбілейны дзень нара­­джэння беларускіх студэнцкіх атрадаў, — патлумачыла мэту свайго візіту Вераніка Казлоўская. — Віншую вас з гэтай знакавай датай, асабліва — Маргарыту Буката, якая якраз сёння адзначае 18-годдзе. Заставайся яркай, амбіцыйнай, таленавітай і працавітай. Няхай у жыцці ўсё атрымліваецца.

 У падарунак ад райкама БРСМ — маляўнічы кубак, ад лясгаса — прыгожы букет кветак, які дзяўчыне ўручыў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ўстановы Аляксандр Іванькоў.

Затым жадаючыя маглі памерацца сіламі ў дартсе. Узахвоціліся амаль усе. А вось самым трапным стралком стала Вікторыя Красілевіч. Яна і атрымала спецыяльны падарунак. Завяршылася забаўляльная частка сустрэчы агульным сэлфі.

Атрад аб’ядноўвае 19 дзяўчат і юнакоў, якія пажадалі падчас летніх канікул займацца праполкай лясных культур. У асноўным гэта елкі і сосны. У ідэале за адну працоўную змену кожнаму байцу патрэбна «акультурыць» адну сотку. За якасцю выканання работ сочыць начальнік гадавальніка Аляксей Родзь. Ён жа ў пачатку працоўнага дня размяркоўвае ўчасткі, вядзе табель наведвальнасці. Мяркуецца, што за месяц моладзь праполе 2,5 гектара пасадак.

На першы погляд, работа нескладаная, але некаторыя скардзяцца на боль у нагах. Напэўна, з непрывычкі. У дзесяцікласніцы гімназіі Веранікі Врублеўскай, наадварот, ніякіх нараканняў няма, але і яна прызнаецца, што працаваць бывае цяжкавата, перш за ўсё з-за цвёрдай глебы на некаторых участках.

— Працую ў студэнцкім атрадзе ўпершыню, — расказвала дзяўчына. — Вырашыла крыху дапамагчы ў фінансавым плане матулі, якая гадуе мяне адна. Да гадавальніка дабіраемся на веласіпедах, час бавім весела і цікава. У некаторым сэнсе для мяне гэта адпачынак на прыродзе, прыемныя стасункі з новымі сябрамі.

Такія сустрэчы прайшлі ў той дзень у гаспадарках «Хацілы-агра», «Сцяг Перамогі-агра», на заводзе «Паставымэбля».

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.