Захавалі калектыў і веру ў лепшае

Главное Общество

Альфрэд Малец

2018-ты для ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» юбілейны — у кастрычніку споўніцца 60 гадоў з дня ўтварэння прадпрыемства. З якімі вынікамі падыходзіць калектыў да юбілею і сустракае прафесійнае свята? Пра гэта і іншае ў інтэрв’ю з дырэктарам А. І. МАЛЬЦАМ.

 — Альфрэд Іосіфавіч, нягледзячы на тое, што аб’ёмы будаўніцтва ў краіне даволі вялікія, актыўна ўзводзіцца жыллё, іншыя аб’екты, у апошнія гады «Рассвет Пастаўскі» перажываў не лепшыя часы.

— Сапраўды, 2016-ты і асаб­ліва 2017 год былі няпростымі для нас, як і для будаўнічай галі­ны ў цэлым. На працягу майго кіраўніцтва прадпрыемствам — а ўзначаліў яго два дзесяцігоддзі назад — складаныя перыяды здараліся не раз. І з уласнага вопыту магу сказаць, што галоўнае ў гэты час — утрымацца на плаву, не даць калектыву страціць упэўненасць у заўтрашнім дні. Там, дзе не вытрымалі, пахіснуліся, зараз справы абстаяць не вельмі добра. Я заўсёды настройваў сваіх падначаленых на лепшае, стараўся рабіць усё, каб захаваць людзей і забяспечыць іх работай. Не было яе на Пастаўшчыне — шукалі за межамі раёна. Мы, напэўна, адзіныя з сельскіх будаўнікоў, хто працаваў на атамнай станцыі ў Астраўцы.

Брыгада бетоншчыкаў пад кіраўніцтвам Часлава Мукеля (у цэнтры) на ўзвядзенні малочнатаварнай фермы ў Коўзанах

Сёння ў краіне зноў назіраецца пад’ём будаўнічай галіны, што звязана ў першую чаргу з развіццём жыллёвага будаўніцтва. Гэта дае падставы з аптымізмам глядзець у будучыню. Дадаюць яго і вынікі работы прадпрыемства за 7 месяцаў бягучага года.


Аб’ём работ уласнымі сіламі з пачатку года выкананы на суму 2,7 мільёна рублёў, тэмп росту да ўзроўню мінулага года склаў 192,6%.


— На рахунку «рассветаўцаў» нямала аб’ектаў у горадзе і раёне. Раскажыце, калі ласка, што ўзвялі за апошнія гады і над чым працуеце зараз.

— У першую чаргу будавалі і будуем жыллё ў горадзе і на сяле. Здадзены ў эксплуатацыю тры шматкватэрныя дамы па вуліцы Зялёнай у Паставах — два на 60 кватэр і адзін на 40, 12-кватэрны дом у Хацілах, некалькі дамоў у Коўзанах, сырцэх Пастаўскага малочнага завода, лазня ў райцэнтры. Таксама на працягу апошніх 5 гадоў мы актыўна ўдзельнічалі ў будаўніцтве і мадэрнізацыі двух прадпрыемстваў у Глыбокім — мясакамбіната і малочнакансервавага камбіната. На іх нам былі давераны найбольш складаныя інжынерныя работы. Сёлета ўзводзілі жылы дом у Докшыцах, з панядзелка прыступім да яго аддзелкі. Заканчваем малочнатаварную ферму ў Коўзанах — у кастрычніку павінны здаць другую чаргу.  Займаемся рэканструкцыяй яшчэ трох дамоў у гэтай вёсцы, спартыўнай залы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, мадэрнізацыяй будынка дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, працуем на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі».

Брыгада цесляроў Сяргея Дзіковіча

За апошнія 12 гадоў ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» ўвёў у эксплуатацыю 724 кватэры на 63,7 тысячы квадратных метраў. З іх 45,4 тысячы квадратных метраў жылля пабудавана ў Паставах і 18,3 тысячы — у Пастаўскім раёне. За 7 месяцаў бягучага года здадзены 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Зялёнай у райцэнтры на 2304 квадратныя метры.


Акрамя агульнабудаўнічых, выконваем амаль увесь комплекс спецыяльных работ: сантэхнічныя, усе віды аддзелачных, пракладваем падземныя камунікацыі. Выключэнне складаюць толькі электрамантажныя. І ў тым ліку дзякуючы гэтаму, змаглі перажыць нялёгкі для галіны час.

— Любому кіраўніку неабходна пастаянна трымаць увесь вытворчы або тэхналагічны працэс пад сваім кантролем. Як часта вы бываеце на аб’ектах, якія ўзводзіце?

— Наведваюся на іх штодзень, за выключэннем тых дзён, калі адсутнічаю ў раёне па прычыне камандзіроўкі. Калісьці ўзяў за правіла і на працягу многіх гадоў прытрымліваюся таго, што пасля работы сядаю ў машыну і аб’­язджаю ўсе нашы пляцоўкі, каб раніцай падрыхтаваным пачаць новы рабочы дзень. Мне дастаткова аднаго позірку, каб убачыць, колькі зроблена на аб’екце, што яшчэ трэба зрабіць. Асабліва ўважліва сачу за якасцю выканання работ і магу сказаць, што наконт яе да нас няма асаблівых прэтэнзій з боку заказчыкаў, у тым ліку жыльцоў шматкватэрных дамоў. Усё жыл­лё прымаецца з першага-другога разу.

Брыгадзір брыгады тынкоўшчыкаў Святлана Цайко (злева) з калегамі Валянцінай Трусавай і Марыяй Больбат

— «Рассвет Пастаўскі» — адно з буйнейшых прадпрыемстваў у аб’яднанні «Полацксельбуд». Як выглядаеце на фоне астатніх, хто ў яго ўваходзіць?

— І раней, і цяпер годна. ­Удзельная вага выкананых намі з пачатку года будаўніча-мантажных работ у агульным іх аб’ёме складае 22,6% сярод васьмі арганізацый, якія ўвахо­дзяць у аб’яднанне. Рост сярэднямесячнай заработнай платы на аднаго працуючага да ўзроўню 2017 года — 144,3%, тэмп выручкі на сярэдняспісачнага работніка — 160%. Атрымана 254 тысячы рублёў прыбытку ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг, яе рэнтабельнасць роўная 11,9%, тады як па аб’яднанні — 4,5%. 

Лідзіруючыя пазіцыі мы ўтрымліваем на працягу многіх гадоў не толькі ў «Полацксельбудзе», але і ў цэлым сярод сельскіх будаўнікоў вобласці. Маем вялікую колькасць узнагарод — дыпломаў і грамат раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, галаўнога аб’­яднання, Саюза Будаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Праз год, а то і часцей, становімся лаўрэатамі конкурсу, які арганізуе апошні пры падвядзенні вынікаў работы за 12 месяцаў. Красамоўным з’яўляецца і той факт, што трое прадстаўнікоў нашага калектыву ўдастоены звання «Чалавек года Віцебшчыны». Акрамя мяне, гэта брыгадзіры брыгад аддзелачнікаў Алена Букатая і бетоншчыкаў Часлаў Мукель.

Алена Букатая

— 7 жніўня адбылася калегія Камітэта па будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама, на якой вы прысутнічалі. Пра што ішла гаворка? Якія задачы пастаўлены?

— Разглядаліся традыцыйныя пытанні, якія хвалююць усіх у першую чаргу. Гэта выкананне праграмы па жыллёвым будаўніцтве (ход яе рэалізацыі пільна кантралюецца ў вобласці), развіццё ПМК, паколькі Прэзідэнтам пастаўлена задача адрадзіць перасоўныя механізаваныя калоны ў кожным раёне рэспублікі, і аб’ёмы выканання будаўніча-мантажных работ. Будзем працягваць працаваць над іх ажыццяўленнем. У блі­жэйшых планах прадпрыемства — узвядзенне 60-кватэрнага дома па вуліцы Зялёнай у райцэнтры і яшчэ аднаго 12-кватэрнага ў Хацілах. Калі дазволіць крэдытаванне, прыступім да будаўніцтва там жа новай сучаснай фермы.

— Залог поспеху любога прадпрыемства — людзі, якія на ім працуюць. Што можаце сказаць пра свой калектыў?

— Нягледзячы на ўсе перажытыя «Рассветам» і галіной у цэлым цяжкасці — быў перыяд, калі ў пошуках вышэйшага заработку беларускія будаўнікі масава ехалі ў Расію, — мы змаглі захаваць касцяк калектыву. Найперш на ўзроўні брыгадзіраў, якіх лічу вельмі важным звяном, бо наколькі талковы і вопытны брыгадзір, настолькі добрай, з’яднанай будзе яго брыгада і паспяховым прадпрыемства. Прывяду адзін прыклад. Адправіў брыгаду муляраў Анатолія Волкава дапамагчы калегам у Докшыцах. Вечарам мне тэлефануюць адтуль з пытаннем: «Скажыце, што ў вас за людзі і як так можна працаваць?» Аказваецца, мясцовыя будаўнікі і жыхары горада былі здзіўлены тым, як зладжана і якасна нашы хлопцы выконваюць сваю работу. Калі гэта ж брыгада працавала на шматпавярхоўцы па вуліцы Зялёнай, машыністы вежавых кранаў, якія ўзводзяць аб’екты па ўсёй рэспубліцы, гаварылі, што такіх муляраў мала дзе бачылі ў Беларусі.

 Акрамя Анатолія Волкава і яго хлопцаў, хацеў бы адзначыць брыгадзіраў брыгад бетоншчыкаў Часлава Мукеля, Пятра Дубіновіча, Юрыя Мядзюху, цесляроў — Сяргея Дзіковіча, Андрэя Данілава, Уладзіміра Кругляка, аддзелачнікаў — Леакадзію Чарняк, Алену Букатую, Святлану Цайко, фасадчыкаў-плітачнікаў — Леаніда Лысёнка, сантэхнікаў — Івана Пушнякова. Добрых слоў заслугоўваюць і многія спецыялісты ад­дзела механізацыі, асабліва Генадзій Татарчук, планава-эканамічнага, вытворчага, кадравага аддзелаў, бухгалтэрыі.

— Што пажадаеце калектыву напярэдадні прафесійнага свята?

— Па-першае, хачу падзякаваць усім «рассветаўцам» за працу і разуменне. Жадаю кожнаму з іх веры ў лепшае будучае, аптымізму і дабрабыту. А яшчэ як будаўнік пажадаю жалезабетоннага здароўя, а як былы чыгуначнік — зялёнага святла, і каб на вас ніколі не пераводзілі стрэлкі.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.