А цяпер – «Салаўіны гай»

2018 год — Год малой радзімы Общество

Раней у вёсачцы Салаўіха было ўсяго адзінаццаць двароў. Вясной і летам яна патанала ў зеляніне, п’яніла водарам бэзу і язміну, зачароўвала птушынымі спевамі. Цяпер засталіся толькі два жылыя дамы. Усё жыццё будзе сніцца гэты казачны куток, які ў наш час стаў “Салаўіным гаем”. Яго добра ведаюць не толькі ў раёне, рэспубліцы, але і за мяжой. Сюды прыязджаюць турысты з розных краін, тут прыпыняюцца падарожнікі, якія едуць па шашы ў бок граніцы з Літвой ці на Полацк. Вельмі часта ў гэтым цудоўным месцы спраўляюць вяселлі, адзначаюць юбілеі, адбываюцца сустрэчы даўніх сяброў. А нам, былым жыхарам, калі праязджаем міма, успамінаецца даўнейшае жыццё вёсачкі.

З усходам сонца ўсе двары ажывалі. Людзі шчыра працавалі, дапамагалі адно аднаму ў цяжкія хвіліны. Міжволі ўзгадваюцца радкі Славы Ліпеня: “Заўсёды амаль што бягом/ — І у калгасе, і дома/, Ні спёкай, ні сіверным днём/ Жанчына не ведала стомы…” Гэты верш ён прысвяціў усім вяскоўцам, але здаецца, менавіта нашым. І паўстаюць вобразы маці, суседак, якія, не шкадуючы сіл і здароўя, працавалі на карысць роднай зямлі і сям’і, шчодра дарылі нам сваю бязмежную любоў, дабрыню, сардэчнасць. Многія з іх дачасна пайшлі з жыцця, не паспеўшы наталіцца яго прыгажосцю. Але памяць пра іх жыве і будзе жыць у нашых сэрцах, перадавацца дзецям і ўнукам. Бо ў вёсцы жылі самыя лепшыя, душэўныя, добразычлівыя людзі.

Жыхары вёскі Салаўіха



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.