Аты-баты, адбіраюцца на службу новыя салдаты

Важное Общество

Алена Лапушынская выдае дакументы Міхаілу Сурменку для праходжання медкамісіі

Серада. 8.30. Актавая зала раённага ваеннага камісарыята цалкам запоўненая прызыўнікамі. Хлопцы па чарзе заходзяць у кабінет, дзе вядучы спецыяліст групы прызыву на ваенную службу Алена Лапушынская пытаецца ў іх прозвішча, хутка адшуквае асабістую справу, нагадвае, якіх яшчэ трэба прайсці ўрачоў, просіць распісацца ў павестцы. Прызыўнікі не затрымліваюцца ў кабінеце больш за дзве хвіліны і адпраўляюцца ў цэнтральную раённую бальніцу для далейшага праходжання медыцынскага агляду.

Адно з мерапрыемстваў восеньскага прызыву — медыцынскае асведчанне — пачалося 3 верасня і завершыцца 30 лістапада. Падчас яго прызыўнікі, якія страцілі права на адтэрміноўку альбо не маюць яго ўвогуле, выклікаюцца ў ваенкамат для праходжання медкамісіі. На яе адводзіцца 2-3 дні. За гэты час хлопцы па­вінны праверыць стан здароўя ў васьмі спецыялістаў: тэрапеўта, хірурга, афтальмолага, оталарынголага, дэрматолага, псіхіятра, неўролага і стаматолага. І, калі будуць прызнаны прыгоднымі, да вывучэння іх асабістых спраў прыступяць работнікі ваеннага камісарыята.

— Гэтай восенню на тэрміновую службу з нашага раёна павінен адправіцца 71 чалавек. Гэта досыць вялікі паказчык у параўнанні з мінулымі гадамі, — расказваў пра асаблівасці бягучай прызыўной кампаніі начальнік групы прызыву на ваенную службу Валерый Баравік. — Сёлета з камплектацыяй некаторых воін­скіх часцей сутыкаемся ўпершыню. Так, у інтарэсах Дзяржаўнага пагранічнага камітэта мы заўжды адбіралі і накіроўвалі юнакоў у Полацкі пагранатрад і Смаргонскую пагрангрупу. Зараз пастаўчанам давядзецца служыць крыху далей ад дому — у Гродзенскай пагранічнай групе, Лідскім і Мазырскім пагранічных атрадах.

Праходзіць службу ва ўнутраных войсках адправяцца 9 пастаўчан, у войсках ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны — 7, сіл спецыяльных аперацый — 17. Яшчэ 12 нашых землякоў стануць пагранічнікамі, астатніх накіруюць у вучэбныя воінскія часці (як праві­ла, у Барысаў), дзе на працягу шасці месяцаў яны будуць набываць воінскую спецыяльнасць, а пасля іх размяркуюць у падраздзяленні, якія маюць патрэбу ў такіх спецыялістах.

— У апошні час пачасціліся выпадкі, калі прызыўнікі не з’яўляюцца па павестцы ў ваенкамат. Маўляў, загрузілі на працы, быў у камандзіроўцы, не мог «сачкануць» з лекцыі альбо семінара, — працягваў В. Баравік. — Між тым гэта не з’яўляецца ўважлівай прычынай, каб праігнараваць выклік прызыўной камісіі, і ў дачыненні да такіх грамадзян мы маем права распачаць адміністрацыйны працэс непасрэдна падчас прызыўной кампаніі.

Бывае і так, што прызыўнікі паказваюць павестку працадаўцам ці выкладчыкам, а тыя не лічаць яе істотнай падставай для таго, каб чалавек адсутнічаў. Дарэмна. Калі будзе ўстаноўлена, што яны перашкодзілі прыбыццю прызыўніка ў ваенкамат, то адміністратыўную адказнасць панясуць менавіта яны.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.