Будзе музей воінскай славы

Важное Общество

Больш за год у СШ №4 г. Паставы існуе сацыяльны праект “Ствараем гісторыю разам”, аўтарам якога з’яўляецца Н. В. Федаровіч. За гэты час Наталля Вітальеўна і яе аднадумцы правялі вялікую работу па ўзнаўленні гісторыі школы, 5 гарадка і 32-й ракетнай дывізіі, якая некалі тут дыслацыравалася. А нядаўна задумаліся над стварэннем школьнага музея воінскай славы, дзе магла б быць адлюстравана гісторыя дывізіі і іншых падраздзяленняў органаў пагранічнай службы краіны.

Адпраўной кропкай стварэння музея стаў паня­дзе­лак, 3 верасня. У гэты дзень арганізатары праекта, яго актыўныя ўдзельнікі ў асобе прадстаўнікоў адміністрацыі школы, навучэнцаў ваенна-патрыятычнага класа пад кіраўніцтвам выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі Сяргея Машкова, іх пераемнікі — васьмікласнікі, а таксама госці — ветэраны-ракетчыкі, старшыні раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і раённай агранізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Ганна Літвіновіч, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская — сабраліся разам, каб пачаць увасабляць ідэю ў жыццё.

— Сённяшняе мерапрыемства для нас знакавае, — адзначыў дырэктар школы Вячаслаў Пякарскі. — Музей яшчэ будзе стварацца, мы ўсё абмяркуем, паглядзім, якое памяшканне лепш падабраць. Але галоўнае, што ён ужо з’явіўся ў нашай свядомасці, мы разумеем, што хочам у ім бачыць. Канешне, у першую чаргу гэта будзе музей, звязаны з гісторыяй 32-й Херсонскай Чырванасцяжнай ракетнай дывізіі і 597-й тэхнічнай ракетнай базы, ветэраны якой перадалі на вечнае захоўванне школе копіі свайго баявога сцяга і сцяга ракетных войскаў стратэгічнага назначэння, а таксама стэнд, прысвечаны гісторыі часці. А дзякуючы ініцыятыве Наталлі Вітальеўны Федаровіч, былі сабраны іншыя экспанаты, яна перапрацавала вялікую колькасць інфармацыі, знайшла людзей. Спа­дзяюся, што музей адлюструе і гісторыю 5 гарадка, усіх воінскіх падраздзяленняў, якія дыслацыраваліся і дыслацыруюцца на тэрыторыі Пастаўскага раёна.

— Наша задача — працягваць традыцыі, закладзеныя яшчэ ў 1960 годзе, калі была створана дывізія, — заўважыў Пётр Курто, нагадаўшы прысутным яе слаўнае мінулае і значнасць для краіны ў цэлым і 5 гарадка ў прыватнасці. — Мы абавязаны захоўваць гістарычную памяць і перадаваць яе наступным пакаленням.

Пётр Леанідавіч выразіў на­дзею на дапамогу ў адкрыцці музея шэфаў школы — Пастаўскага лясгаса, прадстаўнік якога, намеснік дырэктара па ідэала­гічнай рабоце Аляксандр Іванькоў, прысутнічаў на сустрэчы, ветэранаў дывізіі, навучэнцаў. Юрый Кісялёў ад імя раённага выканаўчага камітэта падзякаваў Н. В. Федаровіч за арганізатарскі талент, імкненне аднавіць гісторыю мікрараёна і вайсковых падраздзяленняў, а калектыву школы — за граматна пастаўлены працэс выхавання падрастаючага пакалення і вялікую патрыятычную работу.

Перад прысутнымі выступілі таксама Г. Ф. Літвіновіч, В. Л. Казлоўская і ветэраны-ракетчыкі. Ганна Францаўна зачытала віншаванне з пачаткам новага навучальнага года начальніка Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь палкоўніка Сяргея Жылінскага, адрасаванае навучэнцам ваенна-патрыятычных класаў. Вераніка Казлоўская выразіла гордасць за тое, што члены пярвічкі БРСМ прымаюць актыўны ўдзел у стварэнні школьнага музея, і ўручыла невялікі падарунак яе сакратару, старшыні Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў Вікторыі Смятанка. А атаман Пастаўскага казацкага аддзела Аляксандр Зазулін і ваенны пенсіянер Уладзімір Скоўпень у сваю чаргу ад імя ўсіх ветэранаў ракетнай дывізіі выказалі словы шчырай удзячнасці за захаванне гістарычнай памяці пра тых, хто абараняў і абараняе рубяжы нашай Айчыны.

Алена ШАПАВАЛАВА
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.