Будзем з дранікамі

Главное Сельское хозяйство

Сцвярджаюць у ААТ «Навасёлкі-Лучай»

Бульба у гэтай гаспадарцы займае 35 гектараў — самая вялікая плошча ў раёне. На гэтым тыдні тут прыступілі да ўборкі «другога хлеба».

— З гектара атрымліваецца прыкладна 200 цэнтнераў, — расказваў начальнік навасёлкаўскага аддзялення Уладзіслаў Шаршнёў. — Каб не засуха ў пачатку лета, мелі б значна больш. Пасадкай займаўся механізатар Аляксандр Смолка, даглядаў Мацвей Рубель, хімічную апрацоўку праводзіў Алег Чумакоў. Цяпер на капалках працуюць Яніс Вішнеўскі і Люцыян Даўгель (на здымку).

Трактары павольна рухаюцца па полі, а з-пад капалкі на барозны сыплюцца белыя клубні. У асартыменце сарты “рагнеда”, “кураж”, “скарб”, “уладар”. Апошні найбольш ураджайны. Прыжыўся і новы — “брыз”. Яго насенне закупілі летась і пасадзілі некалькі пробных гектараў, сорт добра сябе зарэкамендаваў, таму сёлета плошчу пашырылі да 12 гектараў.

Дапамогу ва ўборцы бульбы аказваюць навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Працуюць юныя памочнікі ў дзве змены. Клубні адразу з поля адпраўляюцца на сарціровачную лінію. Частка бульбы засыпаецца на насенне (патрабуецца прыкладна 150 тон), дробная пойдзе на корм жывёле, а асноўная частка — на рэалізацыю насельніцтву. Прадавацца будзе праз фірменны магазін гаспадаркі, размешчаны ў мікрараёне 5 гарадка, на кірмашах, выязным гандлі. Каб пакупнікі былі з бульбай, кіраўніцтва практыкуе нават дастаўку.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.