Даюць энергію фаварыты восені

Общество

Якіх толькі агароджаў ні ставяць гаспадары каля сваіх сядзіб! А ў Грыдзьках ля аднаго з прыдарожных дамоў яна з жывых вяргінь, якія называюць фаварытамі восені. Кожны раз, калі праязджаю праз вёску, любуюся яркай прыгажосцю. Аднойчы не ўтрымалася і спынілася, каб пазнаёміцца з аматаркай кветак.

Вяліна Іосіфаўна Сініца сумелася ад увагі: «Толькі другі год, як мы купілі тут домік. Работы — не злічыць! Кветкі ж — мая слабасць. Вяргіні люблю за высокі і хуткі рост, густую лістоту, яркую афарбоўку. Яны здаўна былі гонарам вясковых палісаднікаў, іх садзілі мае бабуля і мама».

А мне ўспомнілася, як дзеці майго пакалення першага верасня ішлі ў школу з шыкоўнымі букетамі гэтых восеньскіх кветак. Вось дзе быў сапраўдны вяргіневы карнавал!

— Колькі сартоў вырошчваеце? — цікаўлюся.

— Белыя, ружовыя, чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, рабенькія, фіялетавыя, бардовыя, — пералічвае.  Па форме кветак і лісця адрозніваюцца паміж сабой: ігольчастыя, шара-, архідэя-, хрызантэмападобныя.

Само нічога не расце і не раскашуе. Патрабуюць догляду і вяргіні: своечасова высадзіць, падрыхліць глебу, акучыць, падкарміць. А як няпроста было сёлетнім спякотным летам «напаіць» расліны!

— Калодзеж ад дома праз дарогу, — паказвае ў яго бок жанчына. — Каб лягчэй паліваць, купілі помпу. А як шланг праз дарогу днём перакінеш, калі машыны туды-сюды ездзяць? Уставалі ў тры гадзіны ночы і палівалі.

Памочнік Вяліны Іосіфаўны — малодшы сын Генадзій, які, як і яго браты Віктар і Алег, што жывуць у Мядзелцы і Варапаеве, таксама любіць кветкі.

— Сыны — мой гонар, — успыхвае агеньчык у вачах і тут жа патухае. — Жаночага шчасця я не спазнала, муж пакінуў сям’ю, калі хлопчыкі былі малымі. Няпроста было адной ставіць іх на ногі. Але справілася. Ніколі не раскісала. А энергію чэрпала ў кветках. Нават зімой, калі кантралюю, як за­хоўваюцца бульбінкі вяргіняў, атрымліваю задавальненне. А цяпер сама налюбавацца гэтай прыгажосцю не магу. Многія сарты здаўна, многія сёлетняй вясной купіла на рынку. У будучым планую іх колькасць павялічыць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.