Для бяспекі і камфорту

Общество

Генадзій Мышко, Сямён Лысёнак, Аляксандр Скачко, Віктар Балай, Ігар Стрыгаловіч, Валянцін Кузьміч

Праязджаючы праз Ажуны, сустрэлі людзей у яркай аранжавай форме і касках на галаве. Па прыпаркаванай на ўзбочыне дарогі аўтамашыне і экіпіроўцы работнікаў вызначыла, што гэта электраманцёры. Спыняемся, каб пацікавіцца, чым займаюцца.

— Капітальным рамонтам ліній электраперадачы, — тлумачыць Аляксандр Скачко. — Ён праводзіцца кожныя дзесяць гадоў. Абразаем галіны высокіх дрэў, якія могуць датыкнуцца да правадоў і выклікаць замыканне, узгаранне. Мяняем уводы ў дом электраправадоў са звычайных на ізаляваныя. Яны павысяць бяспеку. Замяраем адлегласць ад зямлі да ліній электраперадачы. Яна павінна быць 6 метраў. Калі не адпавядае патрабаванням, рэгулюем. Правяраем вязкі правадоў на апорах, праводзім верхавы агляд ліній. Абследуем апоры: жалезабетонныя — на наяўнасць сколаў, драўляныя — на падгніванне. Некаторыя з іх падмыла вадой, яны крыху пахіліліся, і мы іх выраўніваем. У вёсцы 80 апор. Дойдзем да кожнай. Падчас работы электрычнасць адключаем. Гэта, канешне ж, нязручна для вяскоўцаў, але затое пасля рамонту ім гарантаваны бяспека і камфорт.  Усе работы пастараемся завяршыць хутка.

Пазней пацікавілася ў галоўнага інжынера раёна электрычных сетак Лявона Бараноўскага, колькі дзён у Ажунах працавалі электрыкі. 

— Брыгада варапаеўскага ўчастка — адна з лепшых у нашым раёне электрычных сетак, — расказваў Лявон Антонавіч. — Гэта сплаў вопыту і маладосці. Аляксандр Скачко не толькі электраманцёр, але і брыгадзір. Перад пачаткам работ праводзіць ін­структаж па тэхніцы бяспекі, рэгулюе працэс, сочыць за якасцю работы. Малады і перспектыўны — Віктар Балай. Ігар Стрыгаловіч не проста вадзіцель, але і электраманцёр. Самых добрых слоў заслугоўваюць электраманцёры з вопытам Сямён Лысёнак, Валянцін Кузьміч, Генадзій Мышко. У Ажунах яны справіліся з работай за тры дні.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.