Для тых, каго вабіць сельская гаспадарка

Образование

У Варапаеўскай сярэдняй школе створаны аграрны клас

Амаль 260 вучняў прыйшлі 1 верасня ў Варапаеўскую сярэднюю школу. 23 з іх толькі пачынаюць знаёмства з краінай ведаў. Вучыць перша­класнікаў чытаць, пісаць, лічыць, быць самастойнымі, адказнымі будзе настаўніца Святлана Касцючонак. 17 адзінаццацікласнікаў уступілі ў заключны этап, калі час вызначацца з выбарам будучай прафесіі. Для кожнага з іх момант першага званка — хвалюючы.

Права падняць дзяржаўны флаг на пачатку ўрачыстасці было прадастаўлена пераможцам  раённай алімпіяды на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі Валерыі Германовіч і Дар’і Волк і пераможцу заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах Мікіту Залецкаму, які ўключаны ў банк даных адоранай моладзі Рэспублікі Беларусь.

— З гэтага навучальнага года ў раёне створаны два про­фільныя аграрныя класы, — расказваў дырэктар Варапаеўскай школы Віктар Жук. — Адзін з іх у Дунілавіцкай СШ, другі — у нашай. На павышаным узроўні ў іх будуць вывучацца асобныя прадметы, на факультатыўных занятках — аграрная дзейнасць. Пры жаданні выпускнікі такіх класаў змогуць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю без вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання.

У школе ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, высокакваліфікаваныя спецыялісты. Заняткі па праграме ўводзін у сельскагаспадарчыя прафесіі будзе весці настаўнік геаграфіі Аляксандр Гарны. Дагавор аб супрацоўніцтве заключаны з Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам. З ім у кіраўніцтва школы даўняе цеснае супрацоўніцтва (раней у школе працаваў ліцэйскі клас, Варапаеўская СШ з’яўляецца пунктам правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання). Базавай гаспадаркай для замацавання тэарэтычных ведаў выбрана адкрытае акцыянернае таварыства “Навасёлкі-Лучай”. Таму і настаўнікі, і вучні асабліва рады былі вітаць дэпутата абласнога Савета дэпутатаў, дырэктара таварыства Юрыя Шымчыка. Юрый Францішкавіч расказаў пра прэстыж сельскагаспадарчых прафесій, вытворчыя справы калектыву, які ўзначальвае, заработную плату работнікаў, перспектывы развіцця гаспадаркі.

З1 верасня функцыі па арганізацыі харчавання школьнікаў ад Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства перададзены аддзелу па адукацыі. У сувязі з гэтым вялікая адказнасць кладзецца на кіраўніцтва школ. Каб хоць крыху аблегчыць працэс прыгатавання абедаў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў падарыў школе электрамясарубку. Некаторыя прадметы школьнай мэблі для класа — Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат (дырэктар — Юрый Балай). За пастаянную падтрымку кіраўніцтва школы ўдзячна і калектыву Варапаеўскай дыстанцыі пуці на чале з Аляксандрам Кандыбіным.

Кранальным атрымалася прывітанне першакласнікаў. Хоць і хвалявалася, але не хавала гордасці першакласніца Сафія Гарная, якая разам з адзінаццацікласнікам Канстанцінам Адамовічам залівістым званком абвясціла пра пачатак адказнага перыяду ў жыцці вучняў. Краіна ведаў шырока расчыніла свае дзверы. У добры шлях!

Анна АНІШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.