Дружна ўзяліся «#ЗаДело!»

Важное Общество

Шостага верасня БРСМ споўнілася 16 гадоў. Дзень свайго нараджэння саюз моладзі адзначыў запускам агульнарэспубліканскага праекта «#ЗаДело!». Новая ініцыятыва прадугледжвае шырокае ўключэнне маладых людзей у добраўпарадкаванне малой радзімы.

Старт праекта адбыўся ў 15 гадзін па ўсёй краіне. У Паставах працоўную акцыю распачалі члены пярвічкі БРСМ гімназіі. Узброіўшыся граблямі, рыдлёўкамі, венікамі і вёдрамі, яны наводзілі глянец каля навучальнай установы, збіралі на клумбах насенне кветак.

— Ваша пярвічная арганізацыя самая яркая, крэатыўная, вясёлая, таму менавіта вы сёння і адкрываеце новы маладзёжны праект у нашым раёне, — гаварыла старша­класнікам гімназіі першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская. — Калі ў вас ёсць прапановы па навядзенні парадку на якіх-небудзь аб’ектах, тэрыторыях, звяртайцеся ў раённы камітэт арганізацыі, і мы абавязкова падтрымаем усе слушныя ініцыятывы.

Таксама Вераніка Казлоўская адзначыла, што гімназісты не толькі выдатна вучацца, але і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, валанцёрскага руху. А найбольш ярка праявілі сябе ў добрых справах сёстры Анжаліка і Ангеліна Анісімовіч. Маладзёжны лідар уручыла дзяўчатам падарункі ад райкама БРСМ.

У хуткім часе да агульнарэспубліканскага маладзёжнага праекта «#ЗаДело!» далучацца і іншыя пярвічкі БРСМ раёна. Сам жа праект плануецца завяршыць у 2020 годзе.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ